Адэскага дэпутата пасадзілі ў турму ў Крыме за кантрабанду свініны


У сакавіку 2014-га Мікалай Карпенка быў намеснікам старшыні Агенцтва рыбнай гаспадаркі Украіны. Цяпер апынуўся ў крымскай турме.

У анексаваным Расеяй Крыме дэпутата Адэскай абласной рады Мікалая Карпенку асудзілі на 3,5 года пазбаўлення волі за кантрабанду мяса. Пра гэта паведамляе прэс-служба Следчага камітэту Расеі.

Украінскага дэпутата абвінавацілі ў «арганізацыі незаконнай пастаўкі стратэгічна важных рэсурсаў у асабліва буйных памерах» і перадачы хабару.

Следчыя сцвярджаюць, што ён незаконна перамясціў з Украіны праз «мытную мяжу» ў Крым свініну коштам больш за Rur 100 млн.

У лістападзе 2014 года працаўнікі «ўпраўлення ФСБ Рэспублікі Крым» затрымалі арганізаваную групу ў складзе 10 чалавек, сярод якіх быў і Карпенка. Пасля затрымання Карпенка праз пасярэдніка прапанаваў следчаму хабар памерам $ 30 тыс. Пасля перадачы грошай пасярэдніка затрымалі.

У сакавіку 2014-га года Карпенка займаў пасаду намесніка старшыні Агенцтва рыбнай гаспадаркі Украіны, а ў лістападзе 2014 яго арыштавалі пры спробе заехаць у Крым.

МЯ, паводле censor.net.ua, rbc.ua

Стужка навінаў