У Менску праходзіць Сусветны тыдзень прадпрымальніцтва, на адкрыцці якога прысутнічалі прэм’ер-міністр і замежныя дыпламаты. Карэспандэнт belsat.eu высвятляў, якія беларускія праекты рэпрэзентаваныя на пляцоўцы выставачнага цэнтру «Белэкспа».
Прэм’ер-міністр Сяргей Румас падчас адкрыцця Тыдня прадпрымальніцтва 12 лістапада заявіў, што ў практычным сэнсе для падтрымання бізнесу ў Беларусі дзяржаваю зроблены сур’ёзныя крокі.
«Урадам прынята новая праграма дзейнасці да 2020 года. У ёй пытанне стварэння спрыяльнага бізнес-асяроддзя замацавана ў якасці асноўнага прыярытэту эканамічнай палітыцы», – адзначыў ён.
Паводле Румаса, стварэнне прадказальнага і празрыстага заканадаўства стане для бізнесу «гарантам стабільнасці працы на нашым рынку».
На адкрыцці мерапрыемства таксама прысутнічалі павераная ў справах ЗША ў Беларусі Джэніфер Мур, кіраўніца прадстаўніцтва ЕЗ у Беларусі Андрэа Віктарын ды амбасадар Вялікай Брытаніі Фіёна Гібб.
Belsat.eu выбраў 7 найбольш цікавых і характэрных, на наш погляд, праектаў, што былі прадстаўлены ў выставачным цэнтры «Белэкспа». Сярод іх ёсць як стартапы, што толькі шукаюць фінансаванне, гэтак і праекты, якія ўжо працуюць.
PigPug займаецца распрацоўкай нейрагаджэтаў і мабільных гульняў, якія будуць счытваць мазгавыя сігналы і дапамагаць дзецям з сіндромам дэфіцыту ўвагі і гіперактыўнасці (СДУГ) вучыцца канцэнтравацца і расслабляцца.
«У мяне самога СДУГ ёсць з дзяцінства. Я даведаўся пра гэта толькі 2 гады таму, раней думаў што гэта проста асаблівасці маіх паводзінаў і гэта нармальна. Цяпер такіх дзяцей шмат. І вось мне прыйшла ідэя дапамагаць дзецям з выкарыстаннем біялагічнай зваротнай сувязі», – Віталь Карпейчык.
Карпейчык прызнаецца, што рэалізацыя гэтага стартапу ў Беларусі звязанае з вялікімі цяжкасцямі: аналагічных распрацовак у краіне няма, таму трэба атрымаць ліцэнзію і на методыку, і на выпуск самога прыставання, прычым у розных ведамствах. «А гэта вельмі складаная бюракратычная працэдура», – дадае ён.
Праект True Machina вядомага бізнесоўца і адмыслоўца ў галіне штучнага інтэлекту Валера Цурыкава прадугледжвае, што кампʼютар не будзе чакаць, калі чалавек паставіць задачу той ці іншай распрацоўкі, а сам будзе распрацоўваць новыя ідэі і тэхналогіі. Маючы вычарпальную базу дадзеных і самыя новыя веды ў патрэбнай галіне True Machina будзе генерыраваць новыя вынаходства. У True Machina ужо зацікаўленыя топавыя сусветныя кампаніі – ад Samsung да Boeing.
Кэш’ю – гэта платформа, якая злучае прадаўцоў, банкі і пакупнікоў. «То бок вы прыходзіце, берэце тавар, заходзіце ў свой інтэрнэт-банкінг і робіце плацеж без выкарыстання банкаўскіх картак. То бок выключаюцца плацежныя сістэмы як пасярэднікі, дзякуючы чаму для прадаўца аперацыя становіцца танней», – кажа адзін з стваральнікаў стартапу Віктар Суздальцаў.
Рэалізацыя стартапу – з улікам поўнай інтэграцыі з банкамі – складзе некалькі сотняў тысяч долараў, кажа Суздальцаў.
RocketDAO – краўдфандынгавая платформа, якая працуе на прынцыпах дэцэнтралізацыі. Яна аб’яднае ў сябе стартапы, інвестараў і экспертаў.
«Фішка нашага праекту ў тым, што стартапы ніяк не ацэньваюцца. А мы хочам, каб наша экспертная супольнасць ацэньвала стартапы, якія зацікавілі інвестараў. Стартапы запаўняюць вялікую колькасць інфармацыі пра сябе і па кожнаму з 10 параметраў прызначаецца эксперт, які правярае заяўленую інфармацыю і выстаўляе ацэнку па адмыслова распрацаванай метадалогіі. Усе стасункі будуюцца на падставе смарт-кантрактаў – то бок мы проста прадстаўляем месца, дзе людзі могуць працаваць хутка і эфектыўна», – тлумачыць прадстаўніца праекту Караліна Рынкевіч.
Profitrenta.com – інтэрнэт-пляцоўка, дзе бізнес арэндадальнікі і арэндавальнікі будаўнічай тэхнікі знаходзяць адзін аднаго. Аплата адбываецца наўпрост праз сайт. Рэсурс дзейнічае з лютага 2018 года і на мае каля 500 пастаянных карыстальнікаў. Праект ужо выйшаў на расейскі рынак і плануе асвойваць краіны Балтыі.
Дырэктар праекту Вольга Мяшчаракова адзначае, што каля 70% кліенцкай базы пляцоўкі – гэта дзяржструктуры. Для дзяржаўных прадпрыемстваў адмыслова была створана сістэма тэндараў.
Як тлумачаць стваральнікі праекту, на сённяшні дзень сістэма хатняй аўтаматызацыі разумны дом працуе па зададзенаму сцэнару і людзі мусяць марнаваць час на перапраграмаванне. QOLOS – запамінае вашыя паводзіны і пачынае падстройвацца пад іх, каб забяспечыць максімальны камфорт і бяспеку. Праграма сама наладжвае неабходную тэмпературу і асвятленне ў кватэры, здольная распазнаваць людзей па сістэме «свой-чужы» і анамаліі ў паводзінах – напрыклад, калі чалавек раптам лёг на падлогу не паднімаецца. У сярэднім забеспячэнне такой сістэмай двухпакаёвай кватэры абыдзецца ў $ 500, кажуць прадстаўнікі праекту.
Стваральнік стартапу – Аляксей Бабушкін. Раней ён ужо распрацоўваў розныя праекты па хатняй аўтаматызацыі.
Робаты Rozum Robotics прызначаная для аўтаматызацыі прамысловых працэсаў на прадпрыемствах (складаванне, упакаванне, сартыраванне, раздача і г.д.). Гэта адзіная падобная распрацоўка на тэрыторыі СНД і яна ўжо выкарыстоўваецца на некаторых беларускіх прадпрыемствах у харчовай прамысловасці. Rozum Robotics з’яўляецца сябрам Парку высокіх тэхналогіяў. Нядаўна кампанія пачала экспартаваць сваю прадукцыю на замежныя рынкі – у РФ, Вялікую Брытанію, Нямеччыну.
Сістэма OYPER распрацаваная для інтэрнэт-крамаў адзення. Праграма аналізуе гісторыю запытаў карыстальніка і пакупак, і будзе прапаноўваць чалавеку адзенне з улікам ягонага густу. Такая сістэма, сцвярджаюць стваральнікі, карысная як прадаўцу (бо павялічвае колькасць пакупак у інтэрнэт-краме), гэтак і пакупнікі (бо эканоміць ягоны час падчас пошуку адзення).
«Мы ўжо цяпер працуем з амерыканскімі інтэрнэт-кампаніямі і некалькі тыдняў таму распачалі працу з расейскімі партнёрамі. Я ведаю, што ў тым ліку ў Amazon ёсць візуальныя функцыі на сайце, але менавіта рэкамендацыйная праграма, якая прапаноўвае прадукт з улікам вашага густу – яна ўнікальная», – распавядае аўтар стартапу Улад Кулецкі.
ІІ, belsat.eu