Ад 21 да 79. Зарэгістраваныя кандыдаты ў дэпутаты - хто яны?


У Беларусі зарэгістраваны 560 кандыдатаў у дэпутаты, якія будуць прэтэндаваць на 110 месцаў у Палаце прадстаўнікоў. Belsat.eu склаў гендарны, узроставы і партыйны партрэт сярэднестатыстычнага кандыдата ў дэпутаты па кожнай вобласці і гораду Менску.

Менск

Менск – самы прасунуты рэгіён Беларусі ў сэнсе ўзросту кандыдатаў. Сярэдні ўзрост тут самы нізкі ў Беларусі – 42 з паловаю годы. Менавіта ў Менску зарэгістраваны самыя маладыя і самыя старыя прэтэндэнты на месца ў Палаце прадстаўнікоў.

Самыя маладыя – актывіст кампаніі #учебаважнее Аляксей Лазараў і актывіст «Гавары праўду» Яўген Каравулаў.

Аляксей Лазараў. Фота – belsat.eu

Абодва нарадзіліся ў 1998 годзе і вылучаліся на выбарах ад Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада).

Яўген Каравулаў. Фота – Facebook

Сярод самых маладых таксама – Алана Гебрамарыям, Марыя Васілевіч, Раман Роль, Даніла Лаўрэцкі (усе чацвёра нарадзіліся ў 1997 годзе).

Самыя старыя – 79-гадовыя Аляксандр Мялешчанка і Мікалай Амельяновіч. Абодва камуністы – Мялешчанка прадстаўляе праўладную КПБ, а Амельяновіч апазіцыйную партыю «Справядлівы свет».

Агулам у Менску зарэгістравана 16 кандыдатаў маладзейшыя за 30 гадоў. Тры кандыдата старэйшыя за 70 гадоў.

Менск таксама самы партыйны рэгіён – 80, 5% кандыдатаў тут маюць сяброўства ў палітычных партыях. У лідарах тут праўладныя Ліберальна-дэмакратычная партыя і Камуністычная партыя Беларусі – у іх 19 і 16 кандыдатаў адпаведна. На трэцім месцы апазіцыйная Абʼяднаная грамадзянская партыя – 13 кандыдатаў.

Са 123 зарэгістраваных кандыдатаў 93 мужчыны і 30 жанчын (24,3%).

Берасцейская вобласць

Берасцейшчына – самы прагрэсіўны рэгіён у плане гендарнай роўнасці. З 79 кандыдатаў у дэпутаты тут 26 жанчын – гэта 32,9%, самы высокі паказнік па Беларусі.

У плане ўзросту кандыдаты з Берасцейшчыны саступаюць толькі Менску і Менскай вобласці. Сярэдні ўзрост тут – 45,3 года. Зарэгістравана 8 кандыдатаў маладзейшых за 30 гадоў.

Самы маладыя – 22-гадовы студэнт БДАТУ Андрэй Курашык, прадстаўнік Беларускай патрыятычнай партыі. Ён балатуецца па Кобрынскай акрузе №12.

Андрэй Курашык. Фота – VK.com

У тройку самых маладых таксама ўваходзяць Уладзіслаў Сыса і Святлана Лысенка. Яны балатуюцца па Берасцейскай-Усходняй акрузе №3.

Уладзіслаў Сыса. Фота – VK

Сыса – студэнт Варшаўскага ўніверсітэту. Лысенка – настаўніца ў вёсцы Яцкавічы.

Самы стары – 72-гадовы Аляксандр Зінчанка, сябра КПБ, дэпутат Палаты прадстаўнікоў у 2004-2008 гадах. Ён балатуецца ў Пружанскім раёне.

На Берасцейшчыне 59,5% кандыдатаў у дэпутаты – гэта прадстаўнікі палітычных партыяў. Сярод лідараў тут ЛДП (13 кандыдатаў) і БСДП (9).

Віцебская вобласць

Віцебшчына – самы кансерватыўны рэгіён у гендарным плане. З 78 зарэгістраваных кандыдатаў тут толькі 16 жанчын – 20,5%.

Сярэдні ўзрост кандыдатаў на Віцебшчыне адзін з самых высокіх у краіне – 47,2 года. У вобласці зарэгістравана толькі тры кандыдата маладзейшыя за 30 гадоў.

Самы малады – 26-гадовы Ягор Левачоў, які працуе ў ААТ «Анкор кадравыя рашэнні» і прадстаўляе кампанію «Гавары праўду».

Ягор Левачоў. Фота – Facebook

Ён балатуецца па Лепельскай акрузе №23. У тройцы самых маладых таксама Мікалай Каваленка (Наваполацкая акруга №24) і Андрэй Мамякоў (Полацкая гарадская акруга №27). Абодва нарадзіліся ў 1990 годзе.

Мамякоў – начальнік камерцыйнага аддзелу ААТ «Гідрапрэс», вылучаўся ад Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці.

Андрэй Мамякоў – справа. Фота – Facebook

Каваленка – беспрацоўны, беспартыйны.

Самы стары – 70 гадовы Уладзімір Андрэйчанка, спікер Палаты прадстаўнікоў трох апошніх скліканняў. Ён балатуецца па Докшыцкай акрузе №22.

У Віцебскай вобласці сябрамі палітычных партыяў з’яўляюцца 61,5% кандыдатаў у дэпутаты. У лідарах тут ЛДП і КПБ – 14 і 12 кандыдатаў адпаведна.

Гомельшчына

Самы высокі сярэдні ўзрост кандыдатаў у Гомельскай вобласці – 47,6 гадоў. Тут толькі два кандыдата маладзейшыя за 30 гадоў.

Самы малады кандыдат на Гомельшчыне – 25-гадовы Міхаіл Бандарэнка, які балатуецца па Мазырскай акрузе №42. Ён сябра Партыі БНФ і ўдзельнік кампаніі «Еўрапейская Беларусь».

Міхаіл Бандарэнка. Фота – VK

А ў Гомлі ідзе на выбары 28-гадовы Ягор Грышановіч, працаўнік «Альфа-банку» і сябра АГП.

Самы стары кандыдат – 68-гадовы Мікалай Лукша, сябра Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці. Ён ідзе на выбары па Рэчыцкай акрузе №44.

Сярод 75 зарэгістраваных у Гомельскай вобласці кандыдатаў ёсць толькі 21 жанчына – 28% ад агульнай колькасці.

У Гомельскай вобласці сябрамі палітычных партыяў з’яўляюцца70,7% кандыдатаў у дэпутаты. У лідарах тут ЛДП і Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці – 15 і 13 кандыдатаў адпаведна.

Гарадзенская вобласць

На Гарадзеншчыне зарэгістраваныя 66 кандыдатаў у дэпутаты. З іх 51 мужчына і 15 жанчын (22,7%). Сярэдні ўзрост – 46,4.

Пяць кандыдатаў у дэпутаты маладзейшыя з 30 гадоў. Адзін – старэйшы з 70 гадоў.

Самы малады кандыдат – 26-гадовы Дзмітрый Арцюх, які вылучаецца па Замкавай акрузе №57. Ён дырэктар Карэліцкага раённага краязнаўчага музею і вылучаўся ад працоўнага калектыву.

Андрэй Арцюх. Фота – vk.com/dmitri_art

Чатыры кандыдата нарадзіліся ў 1990 годзе – Павел Коўшаль і Яраслаў Асташоў з ЛДП, Арсеній Папялушка з КПБ, спартовы інструктар Алег Дубіцкі.

Самы стары кандыдат – 75-гадовы Іван Крук, вядомы актывіст АГП. Ён вылучаецца па Смаргонскай акрузе № 59.

Іван Крук. Фота – ucpb.org

На Гарадзеншчыне менш за ўсё кандыдатаў прадстаўляюць палітычныя партыі – толькі 56,1%. Сярод лідараў тут ЛДП і КПБ – у іх 12 і 7 кандыдатаў адпаведна.

Менская вобласць

На Меншчыне зарэгістраваныя 73 кандыдата ў дэпутаты. З іх 54 мужчыны і 19 жанчын (26%). Сярэдні ўзрост – 44 гады, гэта другі паказнік па Беларусі.

Пяць кандыдатаў на Меншчыне маладзейшыя з 30 гадоў. Самыя маладыя – 23-гадовыя Павел Рудакоўскі і Яраслаў Сегень. Сегень – сябра ЛДП, ён працуе галоўным спецыялістам аддзелу землеўпарадкавання Крупскага райвыканкаму, вылучаецца па Вілейскай акрузе №74.

Яраслаў Сегень. Фота – vk.com/id166207024

Павел Рудакоўскі вылучаецца па Барысаўскай акрузе № 62, ён беспартыйны, працуе технікам-тэхнолагам у ТАА «СисЭйТи».

Самы стары – 68-гадовы дзейны дэпутат Палаты прадстаўнікоў, экс-кандыдат у прэзідэнты Мікалай Улаховіч. Ён лідар Беларускай патрыятычнай партыі і грамадскага аб’яднанне «Беларуска казацтва».

На Меншчыне сябрамі палітычных партыяў зʼяўляюцца 58,9% кандыдатаў. У лідарах тут зноў ЛДП (16 кандыдатаў) і КПБ (7).

Магілёўская вобласць

На Магілёўшчыне зарэгістравана 66 кандыдатаў у дэпутаты. З іх 46 мужчынаў і 20 жанчынаў (30,3%). Сярэдні ўзрост – 45,4 гадоў.

Чатыры кандыдата на Магілёўшчыне маладзейшыя за 30 гадоў, адзін – старэйшы за 70 гадоў.

Самы малады кандыдат у рэгіёне – 24-гадовая медычная сястра з Бабруйску Юлія Чарняк. Яна вылучалася ад Беларуская сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада).

Юлія Чарняк. Фота – vk.com/id133807938

У тройку самых маладых таксама ўваходзіць сябра Партыі БНФ Арсеній Чыгір і Марыя Мацюха з ЛДП.

Самы стары кандыдат – 73-гадовы Мікалай Залозны, сябра БСДП (Г).Ён вылучаецца па Магілёўска-Кастрычніцкай акрузе №86.

Мікалай Залозны. Фота – spring96.org

У Магілёўскай вобласці сябрамі палітычных партыяў зʼяўляюцца 60,6% кандыдатаў у дэпутаты. Сярод лідараў тут нечакана апынулася апазіцыйная АГП – у іх 10 кандыдатаў. На другім месцы ЛДП з 9 кандыдатамі.

Hавiны
Хто стане дэпутатам? Вялікая мапа акругаў і прагноз на вынікі выбараў
2019.10.19 13:18

Выбары ў Палату прадстаўнікоў адбудуцца 17 лістапада.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў