Незнаёмцы ў спартовых касцюмах напалі на Віталя Каўша на вачах у жонкі і сына.
Паляванне на грамадскага актывіста вялося цягам некалькіх гадзінаў, паведамляе «Еўрарадыё».
Паводле Жанны Коўш, жонкі актывіста, спачатку пяцёра мужчынаў у спартовых касцюмах спрабавалі трапіць у дом, але ім не адчынілі. Калі праз некаторы час актывіст выйшаў, на яго адразу накінуліся, павалілі на зямлю і збілі нагамі. Адбывалася гэта на вачах Жанны Коўш і яе малога сына.
Паводле жонкі Віталя Каўша, невядомыя не назваліся, пагражалі застрэліць сабаку, пасадзілі ейнага мужа ў белыя «Жыгулі» і з’ехалі.
Увечары ў суботу Жанне Коўш адказалі ў міліцыі, што не маюць ніякай інфармацыі пра ейнага мужа. Жанчына збіраецца заявіць пра ягонае выкраданне.
belsat.eu