Добраахвотнікі аднавілі крыж, спілаваны актывісткамі «Femen»


«Бог ім суддзя». Жыхары Кіева заклікаюць не караць дзяўчатаў.

У суботу 18 жніўня валанцёры ўсталявалі ў Кіеве новы крыж на месцы таго, што знішчылі актывісткі групы «Femen».

Прадстаўніцы «Femen» знішчылі вялікі чатырохметровы крыж з фігураю Хрыста на знак падтрымання ўдзельніцам гурта «Pussy Riot», асуджаным за панк-малебен. Спілаваны крыж з дрэва быў узведзены ў 2005 г. грэка-каталікамі на вяршыні пагорка і ўшаноўваў ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў ды голаду 1930-х гг. ва Украіне.

Украінскі актор Багдан Бенюк, што ўдзельнічаў ва ўзвядзенні новага крыжа, не асуджае «Femen», але мяркуе, што крыж быў помнікам бязвінным пакутнікам: «Ніхто не павінен на іх [«Femen»] крыўдаваць, але мы павінны аднавіць тыя рэчы, якія нясуць важныя ўспаміны для нас, для ўкраінцаў, бо тут, на гэтай тэрыторыі, у гэтым вялікім палацы справа ад мяне, вялікая колькасць людзей, душаў, добрых украінцаў сустрэла сваю апошнюю хвіліну».

Добраахвотнікі падкрэслілі, што не бачаць сувязі паміж знішчэннем крыжа і падтрыманнем антыпуцінскага гурта. «Я тут не бачу логікі. Чаму не абралі тады іншы крыж, каб спілаваць, або чаму яны [«Femen»] не правялі сваю акцыю цывілізавана, без вандалізму?» – выказаўся адзін з жыхароў Кіева.

«Мы не заклікаем да пакарання тых, хто гэта зрабіў. Бог ім суддзя», – падсумаваў іншы ўдзельнік аднаўлення памятнага крыжа.{movie}У Кіеве аднавілі крыж, спілаваны «Femen»|right|5928{/movie}

Новы крыж асвяціў прадстаўнік грэка-каталіцкага ордэну базылянаў.

Кіеўскія ўлады распачалі крымінальную справу па факце акцыі з удзелам «Femen». Актывісткам пагражае да пяці гадоў пазбаўлення волі.

belsat.eu

Стужка навінаў