Мілінкевіч: Байкот – гэта пазіцыя, але палітыка – гэта дзеянне і вынік


Лідар руху «За свабоду» Аляксандр Мілінкевіч падчас збору подпісаў за вылучэнне кандыдатам у дэпутаты падзяліўся меркаваннямі наконт парламенцкіх выбараў.

«Байкот – гэта выраз стаўлення да ўлады і выбараў, якіх у нас не існуе. Гэта пазіцыя. Але я лічу, што палітыка – гэта дзеянне і вынік. Які вынік можа быць у байкоту? Толькі яшчэ вялікая дэпрэсія ў грамадстве з-за адсутнасці альтэрнатывы . Калі ты прыходзіш да людзей і распавядаеш, хто ты, якая ў цябе праграма, што ты ўмееш, ты абуджаеш аптымізм», – заявіў Мілінкевіч.

На ягоную думку, сітуацыя ў Беларусі залежыць ад стану эканомікі краіны: «Пакуль эканоміка трымаецца за кошт расейскіх датацыяў, улада можа і не праводзіць дэмакратычных выбараў. Але нам больш патрэбныя заходнія інвестыцыі ды тэхналогіі. Аднак Захад ставіць умову – дэмакратызацыя».

«Рана ці позна ў парламенце будзе дыскусія, не будзе гэтага балота. Людзі будуць прадстаўляць законапраекты – тады ажыве дыскусія пра будучыню краіны», – упэўнены палітык.

belsat.eu

Стужка навінаў