Калякін нагадвае: Мэта выбараў – перамога (абноўлена)


Беларуская партыя левых “Справядлівы свет” вылучыла кандыдатамі ў дэпутаты 36 чалавек. Такое рашэнне прыняў 5 жніўня з’езд партыі.

“Пры ўсім разуменні сітуацыі трэба ставіць перад сабою задачу перамагчы на выбарах”, – заявіў лідар Беларускай партыі левых “Справядлівы свет” Сяргей Калякін на з’ездзе партыі.

Паводле яго, шмат якія актывісты не толькі партыі левых, але і наагул дэмакратычнай апазіцыі лічаць, што вынікі выбарчай кампаніі ўжо прадвызначаныя. “І тады навошта напружвацца, калі вырашана ўсё і лепш пачакаць лепшых часоў? Гэта зусім шкодная пазіцыя”, – сказаў Калякін.

“Калі не ставіць задачы перамагчы, то перамагчы наагул нельга. І калі гэтай задачы перад сабою не ставіць, то нам у далейшым не павераць самі выбарцы”, – заявіў Калякін. Ён нагадаў, што падчас мясцовых выбараў 2010 г. два чальцы партыі сталі дэпутатамі мясцовых саветаў, нягледзячы на процідзеянне ўладаў.

Ён таксама паведаміў, што на гэтым этапе кампаніі партыя працуе дастаткова паспяхова. “У акруговыя выбарчыя камісіі партыя вылучыла 89 прэтэндэнтаў – гэта ў пяць разоў больш, чым на выбарах 2008 г. У камісіі ўвайшлі 27 чалавек – гэта палова ўсіх прадстаўнікоў апазіцыі. Ва ўчастковыя камісіі партыя вылучыла 238 прэтэндэнтаў – гэта 40 % ад усіх дэмакратычных арганізацыяў”, – заявіў Калякін.

Ён адзначыў, што партыя гатовая да галоўнага этапу выбарчага працэсу – агітацыйнай кампаніі. “Кандыдаты мусяць засяродзіцца на вырашэнні задачаў, пастаўленых пленумам партыі: гэта павышэнне ўзроўню вядомасці партыі, яе электаральнага падтрымання і персанальнай вядомасці”, – сказаў Калякін.

Лідар партыі “Справядлівы свет” Сяргей Калякін не вылучаецца кандыдатам у дэпутаты. Ён прыняў такое рашэнне, бо будзе прэзентаваць партыю ў Цэнтральнай выбарчай камісіі.

Варта адзначыць, што да некаторых прэтэндэнтаў на з’ездзе паўсталі пытанні: адзін чалавек зарэгістраваў свае ініцыятыўныя групы адразу ў трох выбарчых акругах. Там ён збірае подпісы за сваё вылучэнне. У той жа час партыя вылучыла яго кандыдатам у дэпутаты і ў чацвёртай акрузе. Як вынік, дэлегаты з’езду вырашылі, што гэты чалавек будзе кандыдатам у дэпутаты ў той акрузе, дзе яму будзе зручней балатавацца.

belsat.eu

Стужка навінаў