240 гадоў таму адбыўся першы раздзел Рэчы Паспалітай


5 жніўня 1772 г. у Пецярбурзе Расея, Прусія і Аўстрыя падпісалі канвенцыю, паводле якой большая частка Віцебскага і Полацкага ваяводстваў разам з усходняю часткаю Менскага ўвайшлі ў склад Расейскай імперыі.

Прусія атрымала польскае Памор’е, без Гданьску, а Аўстрыя – Галіцыю.

Знясіленая бязладдзем у шэрагах шляхты і шматлікімі войнамі Рэч Паспалітая была не здольная супрацьстаяць тром магутным дзяржавам. Непасрэдным абгрунтаваннем рашэння падзелу стала спроба забойства і выкраданне караля Аўгуста Панятоўскага, якое здзейснілі ўдзельнікі Барскай канфедэрацыі – групоўкі, якая выступала за ўзмацненне незалежнасці краіны.

Расея і Прусія ўжо вялі перамовы пра падзел Рэчы Паспалітай, а пасля гэтага выпадку ў 1771 г. да іх далучылася і Аўстрыя. Аргументуючы свае дзеянні спробаю запабегчы анархіі, яны прымусілі сейм РП згадзіцца з рашэннем падзелу краіны.

Паслам сейму былі заплочаныя вялікія грошы (да 300 чырвонцаў на месяц) за адно толькі маўчанне на паседжанні. За выступы, што падтрымлівалі падзелы, плацілі ў дзясяткі разоў больш. Адзінымі, каго не здолелі купіць і не напужалі расейскія грэнадзёры за мурамі сейму, былі тры дэпутаты ад Наваградскага ваяводства Самуэль Корсак, Станіслаў Багушэвіч і Тадэвуш Рэйтан. Яны спрабавалі прынамсі адцягнуць падпісанне дакументу з фармальных прычынаў. Пасля няўдачы Рэйтан лёг каля выхаду з залі пасяджэнняў са словамі “Забіце мяне, не забівайце Бацькаўшчыну”.

Нягледзячы на гэтыя пратэсты, 30 верасня 1773 г. сейм ратыфікаваў рашэнне аб падзеле краіны. Гэткім чынам Рэч Паспалітая страціла 211 тыс. км² тэрыторыі і 4,5 млн насельніцтва, 1,3 млн з якіх былі беларусамі.

belsat.eu

Стужка навінаў