Бітва за ўраджай: крадуць у п’янага, прадаюць, грошы – прапіваюць


Міліцыянты з працаўнікамі калгасаў сёлета правялі больш за 3 тыс. рэйдаў, каб прасачыць, як ахоўваецца маёмасць. Знайшлі 120 п’яных вартаўнікоў.

Крадзяжы і невыкананне захадаў бяспекі начальнік кіраўніцтва прафілактыкі Міністэрства ўнутраных справаў Алег Каразей назваў галоўнымі праблемамі сёлетняй уборачнай кампаніі.

На прэс-канферэнцыі 1 жніўня ў Менску ён распавёў, што з пачатку года ў Беларусі зафіксавалі 1,5 тыс. крадзяжоў з зернесушылак, складоў і сховішчаў сельгасарганізацыяў. То бок прыкладна па 8 штодня.

У першую чаргу знікаюць паліва, хімічныя ўгнаенні ды сельгастэхніка. “Назіраюцца не адзінкавыя факты, калі работнікі сельгаспрадпрыемстваў прадаюць нейкую частку даручанага ім дызпаліва або ўжо нарыхтаванага збожжа і выкарыстоўваюць грошы для набыцця спіртнога”, – адзначыў Каразей.

Галоўная прычына – няма якаснай аховы. “Або наогул няма вартаўніка, або калі вартаўнік ёсць, то ён перабывае ў стане алкагольнага ап’янення”, – сказаў прадстаўнік МУС. Сёлета выявілі ўжо больш як 120 такіх выпадкаў.

У выніку 3 тыс. рэйдаў аштрафавалі 40 службовых асобаў – тых, хто не ліквідаваў парушэнні пасля таго, як ім зрабілі папярэджанне.

belsat.eu

Стужка навінаў