У Мексіцы адбылася прафесійная пілігрымка клоўнаў


Сотні яскрава апранутых клоўнаў прайшлі вуліцамі Мехіка да базілікі Маці Божай Гўадалюпскай, каб падзякаваць за здароўе і сваю працу.

На вуліцах мексіканскай сталіцы разносіўся залівісты смех і музыка. Гэтак гучна ў яскравым натоўпе прайшлі незвычайныя пілігрымы, мэта якіх – святыня Панны Марыі Гўадалюпскай у Мехіка.

У маляўнічых касцюмах клоўны і блазны з усёй Мексікі накіраваліся ў базіліку, каб узяць удзел у набажэнстве і падзякаваць за свой талент смяшыць ды весяліць іншых людзей.

«Мы сабраліся, каб падзякаваць Нашай Панне з Гўадалюпэ за ўсё, за ўсю працу, дадзеную нам штодня, а таксама за талент клоўна», – сказаў клоўн Гарбанчыта.

У краіне існуе адмысловы Клуб клоўнаў Мексікі, чальцы якога цягам апошніх 30 гадоў рэгулярна ажыццяўляюць паломніцтва да святыні Панны Марыі Гўадалюпскай, каб папрасіць апекі для сябе і сваіх сем’яў.

У Мексіцы ад крывавых наркатычных войнаў і непасільнай беднасці пакутуе вялікая частка насельніцтва. Клоўны адзначаюць, што ім усё цяжэй даецца паляпшэнне настрою іншым.

«Цяжка быць блазнам? Не, але смяшыць людзей усё больш складана…», – адзначыла клоўніца Лёрэдана Малягон.

belsat.eu

Стужка навінаў