Геаграфія заробкаў: рэйтынг самых багатых рэгіёнаў і прафесіяў Беларусі (+інфаграфіка)


На велічыню заробку беларусаў уплывае не толькі род занятку, але і геаграфія. За адну і тую ж працу ў Берасці плацяць меншыя грошы, чым, напрыклад, у Гомелі. Служба інфармацыі “Белсату” прэзентуе рэйтынг самых высокааплачваных рэгіёнаў краіны.

Паміж калгаснікам і фінансістам прорва 3 мільёны

Сярэдні заробак беларусаў у траўні 2012 г. склаў 3,5 мільёны.



Найбольш у Беларусі атрымліваюць фінансісты: сярэдні заробак складае амаль 5,5 мільёнаў. Гэта трохі больш за “крыштальную мару” Лукашэнкі – заробак 500 долараў. Найдалей ад гэтай сакральнай лічбы адыходзяць заробкі ў сельскай гаспадарцы. У сярэднім працаўнікі гэтай галіны атрымліваюць 2,5 мільёны. Такім чынам, паміж найбольш “багатымі” прафесіямі беларусаў і найбольш “беднымі” ўтварылася прорва 3 мільёны.

Менск – лідар у высокіх заробках, Берасце – у нізкіх



Геаграфічнае расслаенне беларускіх заробкаў кідаецца ў вочы. Найбольшая канцэнтрацыя працаўнікоў з вялікімі прыбыткамі прыпадае на Менск. Тут больш за 5 мільёнаў атрымліваюць амаль 179 тысячаў чалавек. Яшчэ 272 тысячы менчукоў зарабляюць ад 4 да 5 мільёнаў. Такім чынам, сталіца становіцца абсалютным лідарам у колькасці людзей з больш-менш прыстойнаю аплатаю працы.

Узровень заробку, які можна лічыць сярэднім і найбольш распаўсюджаным у цэлым па краіне (ад 2 да 3 мільёнаў), для сталіцы не такі актуальны. Гэтыя 184 тысячы сталічных працаўнікоў можна смела запісаць у катэгорыю збяднелых. Таксама ў Менску найменш людзей атрымліваюць мізэрныя грошы: толькі каля 10 тысячаў людзей маюць заробак ад 1 да 2 мільёнаў.

Сумная статыстыка ў Берасцейскім рэгіёне. Тут найменш людзей атрымліваюць вялікія грошы і найбольш тых, каго паводле заробку можна лічыць “збяднелымі”.



Жабракі

Нацыянальны статыстычны камітэт налічыў у Беларусі 77 працаўнікоў, якім было б выгадней сядзець дома, чымся працаваць. Гэтак, 77 працаўнікоў атрымліваюць менш за 1 мільён заробку. З іх 61 чалавек працуе ў Берасцейскай вобласці, 15 – у Гомельскай і 3 у Менску.

Такім чынам, большасць працаўнікоў Беларусі (1,45 мільёны чалавек) атрымлівае штомесяц ад 2 да 3 мільёнаў. Яшчэ каля мільёну чалавек атрымліваюць заробак ад 4 мільёнаў (што адпавядае сакральнай для ўладаў суме 500 долараў). 800 тысяч беларусаў зарабляюць ад 3 да 4 мільёнаў. Астатнія 158 тысячаў беларусаў працуюць за менш як 2 мільёны.

belsat.eu

Стужка навінаў