91-ы дзень пратэстаў. Затрыманні медыкаў, жанчын і музыкаў


Сілавікі перад акцыяй медыкаў.
Фота: чытачы belsat.eu

Субота, 7 лістапада, у Беларусі была 91-м днём паслявыбарных пратэстаў людзей, нязгодных з афіцыйнымі вынікамі выбараў.

Пратэсты

У Менску сёння планавалася правесці два маршы – лекараў і жанчын, але абодва яны скончыліся, так і не пачаўшыся.

Спачатку каля першай клінічнай больніцы затрымалі каля паўсотні медыкаў, якія выйшлі выказаць свой пратэст. Частку з іх пасля выпусцілі з РАУС, а частку скіравалі на Акрэсціна.

Затым мусіў пачацца жаночы дэмарш, але сілавікі зноў сталі затрымліваць удзельнікаў. Часам гэта былі жанчыны з кветкамі і лістамі дрэвамі, часам проста групы людзей без кветак і сімволікі.

Hавiны
На Жаночым дэмаршы людзей затрымліваюць проста за кветкі ў руках
2020.11.07 15:48

Увечары беларусы выйшлі ў ланцугі салідарнасці, а пасля адбыліся дваровыя канцэрты. Па іх сканчэнні былі затрыманыя музыка Павел Аракелян і ўдзельнікі гурта «Рэха» на чале з Андрусём Такіндангам.

Агулам, паводле тэлеграм-каналу «Списки Окрестина», затрыманыя не менш за 107 чалавек. Сярод іх ёсць таксама журналісты.

Праўладная акцыя ў Менску.
Фота: belsat.eu

Дарэчы, удзельнікаў святкавання Кастрычніцкай рэвалюцыі на плошчы Незалежнасці ніхто не затрымліваў.

8 лістапада ў Беларусі чакаецца нядзельны марш.

Запуск АЭС

Аляксандр Лукашэнка сёння прыехаў у Астравец, каб урачыста запусціць Беларускую АЭС. У прыватнасці, ён заявіў, што Беларусь цяпер робіцца «ядравай дзяржавай».

Лукашэнка абяцае, што першы энергаблок Астравецкай АЭС пакрые 20 % патрэбы Беларусі ў электрычнасці. Праз пару гадоў магутнасці падвоіць другі энергаблок, а каб было куды падзець энергію, на электрычнасць перавядуць амаль усё ацяпленне жылых дамоў. Адна з заяўленых мэтаў пабудовы АЭС – энергетычная незалежнасць ад расейскага газу і нафты. Праўда, рэактары ў Астраўцы пабудаваныя толькі пад расейскія паліўныя элементы.

Hавiны
У Менску праз содні пасля адкрыцця запрацавала трэцяя лінія метро. Але з мноствам праблемаў
2020.11.07 16:53

Напярэдадні ён адкрыў трэцюю лінію метро. Але калі сёння ў яе пусцілі пасажыраў, выявілася, што там шмат што не працуе. У тым ліку, эскалатары, травалатары і дзверы для выхаду з цягніка. Больш за тое, месцамі не магчыма было пакінуць і саму станцыю метро.

Выбары ЗША

У Злучаных Штатах было абвешчана пра перамогу на прэзідэнцкіх выбарах былога віцэ-прэзідэнта Джо Байдэна, які раней пагражаў узмацніць санкцыі супраць Аляксандра Лукашэнкі ды ягонага рэжыму.

Hавiны
Медыі: Джо Байдэн абраны 46-м прэзідэнтам ЗША
2020.11.07 19:55

Байдэна ўжо павіншавала з перамогай Святлана Ціханоўская.

«Я ўпэўнена, пад кіраўніцтвам новага лідара народ ЗША будзе квітнець, а беларуска-амерыканскія адносіны – паляпшацца», – напісала яна.

Дзейны прэзідэнт ЗША Доналд Трамп пакуль не прызнаў сваю паразу.

МГ belsat.eu

 

Стужка навінаў