Міліцыянты помсцяць: збітага Молчана абвінавачваюць у непадпарадкаванні


Збіты міліцыянтамі дэмакратычны актывіст Андрэй Молчан абвінавачваецца ў непадпарадкаванні супрацоўнікам МУС. Для хлопца гэта можа абярнуцца арыштам. Аналагічны выпадак адбыўся нядаўна яшчэ з адным менчуком – Яўгенам Сяліцкім. Няўжо гэта – новая жахлівая тэндэнцыя?

Рукі чэшуцца

Андрэю Молчану 24 чэрвеня міліцыянты прынеслі дадому пратакол, паводле якога ён абвінавачваецца ў непадпарадкаванні супрацоўнікам МУС. Гэта адбылося больш як праз месяц пасля збіцця Андрэя супрацоўнікамі Першамайскага РУУС. 19 траўня актывіст разгарнуў бел-чырвона-белы сцяг каля крамы ў сталічным мікрараёне «Уручча» на знак салідарнасці з палітвязнем Сяргеем Каваленкам. Молчана затрымалі, спрабавалі адабраць сцяг, адзелі кайданкі ды збілі ў міліцэйскай машыне.

Молчан трапіў у шпіталь з чэрапна-мазгавою траўмаю ды падазрэннем на зламаную сківіцу. 28 траўня на хлопца склалі два адміністратыўныя пратаколы: за лаянку матам і несанкцыянаванае пікетаванне.

Супрацьпраўныя дзеянні міліцыянтаў атрымалі шырокі розгалас у незалежных медыях. І на Молчана склалі наступны пратакол.

Зуб за зуб

Як паведаміў Андрэй Молчан службе інфармацыі «Белсату», міліцыянты, якія прынеслі паперы на падпісанне, прызналіся, што пратакол складалі не яны – загад прыйшоў са Следчага камітэту.

Збіты хлопец мяркуе, што гэта помста з боку міліцыі: «Гэты трэці пратакол быў нечаканы. Я быў шакаваны, што Следчы камітэт займаецца правяраннем маіх дзеянняў. Так, я мяркую, што гэта помста, бо яны нічога не даказалі і так проста не маглі гэта пакінуць. Я баюся, што яны могуць прыйсці на апошні экзамен, забяруць мяне і не дадуць напісаць…»

У пратаколе пра непадпарадкаванне Андрэй Молчан пакінуў запіс, што не згодны з абвінавачваннямі ў свой бок.

Сюжэт робіцца банальным



Днямі на волю выйшаў іншы мянчук, Яўген Сяліцкі, які таксама быў ахвяраю міліцэйскай агрэсіі. Яго збілі ДАІшнікі, пра што хлопец напісаў заяву ў Следчы камітэт і паведаміў журналістам. На наступны дзень яго забралі з хаты супрацоўнікі Кастрычніцкага РУУСу, хутка склалі пратакол аб непадпарадкаванні ды адвезлі ў суд. Міліцэйскі начальнік «раіўся» з суддзёй пры зачыненых дзвярах. Яўгену далі зразумець, што найлепшым для яго будзе прызнаць віну, што ён і зрабіў. Збіты міліцыянтамі мянчук атрымаў 10 дзён арышту, а мог і ўсё 15.

belsat.eu

Стужка навінаў