Два беларускія фільмы ўганаравалі на фестывалі ў Славаччыне


Дзве дакументальныя стужкі – «Каўчэг Заіра Азгура» і «Званар» – уганаравалі на XVIII Міжнародным фестывалі лакальных тэлеканалаў «Залаты жабрак», што адбываўся 12–16 чэрвеня ў Кошыцэ, Славаччына. У фестывалі ўдзельнічалі фільмы і праграмы з 21 краіны.

«Каўчэг Заіра Азгура», які ў 2010 г. для тэлеканалу «Белсат» зняў Андрэй Куціла, ўшанавалі адмысловым дыпломам журы.

Андрэй Куціла: «Усе адзначалі цікавасць формы для гэтай тэмы і гумар».

Яшчэ адзін беларускі дакументальны фільм «Званар», які на «Беларусьфільме» зняла Кацярына Махава, атрымаў галоўную ўзнагароду ў катэгорыі «Прадзюсарская кампанія». Фільм Кацярыны Махавай, які летась узнагародзілі на фестывалі «Лістапад» у Менску, паказвае постаць 80-гадовага беларускага званара і традыцыю званарства ў нашай краіне.

Фільм Андрэя Куцілы «Днюка», які беларускі дакументаліст таксама зняў для «Белсату», на гэтым жа фестывалі ў 2010 г. узнагародзілі галоўным прызам у катэгорыі «Лакальнае тэлебачанне».

«Такім чынам, на фестывалі ў Кошыцэ цягам трох гадоў беларускія дакументальныя фільмы два разы атрымалі галоўныя ўзнагароды», – адзначае Андрэй Куціла.

«Міжнародныя ўзнагароды даказваюць, што падзеі, якія паказваюць беларускія дакументалісты, зразумелыя і блізкія ў Славаччыне», – дадае Сяргей Пеляса, рэдактар цыклу дакументальных фільмаў «Невядомая Беларусь» тэлеканалу «Белсат».

Пра фільм «Каўчэг Заіра Азгура»

Звычайная экскурсія па музеі народнага скульптара БССР Заіра Азгура раптам ператвараецца ў люстэрка, дзе мы назіраем не толькі за гісторыяй краіны праз пластыку мастацкіх вобразаў, але і самі за сабою. Гэты фільм – назіранне за назіральнікамі. Лёгкі дотык дзяцей, жорсткія, недаверлівыя, часам саркастычныя погляды дарослых, замілаваныя або пакрыўджаныя назіранні пенсіянераў ажыўляюць на імгненне скульптуры Леніна, Сталіна, Маркса і сотні іншых дзеячаў савецкага мінулага.

Глядзіце фільм «Каўчэг Заіра Азгура» он-лайн на сайце «Белсату».

Стужка навінаў