Менскім прадпрымальнікам павялічылі падаткі


Паводле аналізу Міністэрства падаткаў і збораў, прыбытак менскіх прадпрымальнікаў значна павялічыўся.

“У кожнай пазіцыі была прааналізаваная дзейнасць больш як 20 прадпрымальнікаў. Вынікі даследавання сведчаць, што іхны прыбытак вырас у 1,3–1,5 разу”, – адзначыў начальнік інспекцыі МПЗ па Менску Уладзімр Лайкоў.

З гэтай прычыны ў некаторых відах прадпрымальніцкай дзейнасці пастанавілі павысіць стаўку адзінага падатку ў 1,9 разу. У гэты шэраг трапіў раздробны гандаль харчовымі таварамі (акрамя піва і алкагольных напояў), будаўнічымі матэрыяламі, аказанне паслугаў у прыбіранні жылых памяшканняў, інжынерныя паслугі ды архітэктурная дзейнасць.

Калі прадпрымальніцкая справа мае сацыяльны кірунак (напрыклад, дагляд за дзецьмі), то падатак павялічыцца ў 1,2 разу.

У меншай ступені павышэнне закране народных майстроў. Пры гандлі творамі жывапісу, скульптуры, прадметамі народных рамёстваў павелічэнне складзе толькі 10 %.

Нязменныя застануцца падаткі рэпетытараў. “Захаванне стаўкі ў ранейшым памеры дазволіць прыцягнуць да легальнай дзейнасці больш менчукоў, якія акрамя асноўнай працы займаюцца кансультацыйнымі паслугамі ў асобных прадметах”, – упэўнены Лайкоў.

Адзіны падатак цяпер мусяць плаціць перагоншчыкі аўтамабіляў. Улічваючы тое, што кошт дастаўкі аднаго транспартнага сродку складае 300–500 долараў, у дзяржаўную скарбонку перагоншчыку давядзецца аддаць 1,8 млн рублёў.

Бізнес-супольнасць негатыўна ўспрыняла падвышэнне падаткаў, але дырэктар Беларускага саюзу прадпрымальнікаў Тамара Чахоўская лічыць, што яно было непазбежнае.

“Я чакала, што павышэнне будзе яшчэ большае. Калі ўсе кошты выраслі ў тры разы, то і велічыню падаткаў маглі б узняць на столькі ж. Безумоўна, зніжэнне пакупніцкай здольнасці негатыўна адбілася на шмат якіх прадпрымальніках, але ўжо не першы раз бізнес аказваецца ў складаных умовах. Сітуацыю драматызаваць не варта. Нават з тых 9 % прадпрымальнікаў у краіне, якія спынілі сваю дзейнасць летась, частка вырашыла зарэгістравацца ў якасці прыватнага ўнітарнага прадпрыемства, каб пашырыць бізнес”, – заўважыла Тамара Чахоўская.

belsat.eu

Стужка навінаў