Юлія Слуцкая ў «Гарачым каментары»


Прапагандысты БТ супраць прафесійных журналістаў. Галоўны рупар рэжыму – праграма «В центре внимания» – нацэліўся на Беларускую асацыяцыю журналістаў. Да чарговай выбарчай кампаніі ўлады рыхтуюцца загадзя, прыціскаючы незалежных журналістаў і прымушаючы іх маўчаць.

Традыцыйная «прэм’ера тыдня» на БТ яшчэ раз паказала, што прапаганда ў дзяржаўных медыях даўно замяніла журналістыку. Аўтары рэпартажу «Баш на БАЖ» у якасці «нячэсных і прадажных» выставілі асацыяцыю незалежных журналістаў. Аднак матывы – далёкія ад прафесіі. БАЖ – арганізацыя незалежных рэпарцёраў і адзіная ў Беларусі, якая ўваходзіць у Міжнародную федэрацыю журналістаў. Абараняючы правы незалежных медыяў, арганізацыя фактычна адваёўвае права беларусаў на свабоду інфармацыі. І калі такія функцыі БТ, як «дыскрэдытацыя і прапаганда», даўно не здзіўляюць, ратацыя такіх матэрыялаў усё ж насцярожвае: аналагічныя праграмы папярэднічалі пагрому цэнтру «Вясна», атакам на незалежныя сайты і прысудам вядомым актывістам.

Паводле медыя-эксперта Юліі Слуцкай, незалежныя журналісты – асноўны супраціў дзяржаўнай прапагандзе.

«Я не хацела б шмат часу прызначаць на гэты рэпартаж, бо хлусні там дастаткова, але там ёсць адна вельмі непрыемная рэч. Гэта параўнанне дапамогі з боку Брытанскай амбасады ўсім недзяржаўным НДА і дапамогі дзіцячаму неўралагічнаму цэнтру – гэта проста сорамна чуць. Бо мала таго, што брытанцы дапамагаюць нашым беларускім дзеткам прыкладна ў тым жа памеры, што і ўсім НДА Беларусі, гэта яшчэ асуджаецца з экрану. Відаць, нашыя афіцыйныя журналісты палічылі, што лепш бы ўсе грошы пайшлі на іншую справу. Але я нагадаю нашым гледачам, што НДА і апазіцыя – гэта зусім не тое самае», – падкрэслівае эксперт.

Юлія Слуцкая параўноўвае паказаныя ў фільме раздрукоўкі і ананімныя каментары нібыта былых сябраў БАЖ пра вялізарныя сродкі, якія атрымлівае арганізацыя, з афіцыйнымі лічбамі фінансавання дзяржаўных медыяў. Паводле сёлетняга бюджэту, на гэтыя мэты выдаткуюць 47 млн еўраў. Паводле ж аўтараў прапагандысцкага шэдэўру, БАЖ атрымаў фінансаванне ажно на 290 тыс. еўраў.

«Недзяржаўныя медыя вымушаныя закупляць паперу ўдвая даражэй за дзяржаўныя, калі дзяржаўная газета прыходзіць па падпісцы, то да яе кошту дадаюць 70 %, бо дзяржава – манапаліст. На дадатак ільготнае падаткаабкладанне і гэтак далей. Таму сёння казаць пра нейкіх заходніх злыдняў, якія фінансуюць недзяржаўныя медыі, і пра «бедныя» дзяржаўныя медыі наогул непараўнальна», – кажа Юлія Слуцкая.

belsat.eu

Стужка навінаў