«Другі фэст беларускага духоўнага мастацтва» ў Менску


Як падкрэсліваюць арганізатары фестывалю, яго трэба разглядаць як свята і знак нязменнасці хрысціянскіх каштоўнасцяў, здабытых вялікім коштам і занатаваных крывёю Ісуса Хрыста і ягоных паслядоўнікаў. Гэта свята аднадумцаў – людзей, роднасных паводле духу і светапогляду, якія жадаюць падзяліцца радасцю сваіх мастацкіх адкрыццяў і здабыткаў з іншымі людзьмі.

Куратар выставы, мастак Генадзь Драздоў кажа: “Тое, што сёння прэзентавана вельмі шмат твораў, сведчыць, што ўсё ж духоўны стан нашага грамадства не зусім яшчэ заніжаны да такой планкі, калі ўжо можна казаць пра крызіс. Ёсць у нас мастакі, якія падымаюць духоўнае на самы высокі ўзровень, якія спрабуюць закрануць вельмі глыбокія тэмы. Тое, што ў нашым грамадстве адсутнічае нацыянальная царква, якая б дбала пра духоўны імунітэт нацыі, я лічу нацыянальнаю катастрофаю. У Беларусі пануе царква зусім іншай краіны, якая ніколі не ўздымала голасу дзеля абароны пакрыўджаных, і гэта сведчыць, што задача гэтай царквы – зусім іншая. Трыста гадоў яна застаецца тым інструментам, які дазваляе разбураць нашую нацыянальную свядомасць. І тое, што мы аддаем духоўныя артэрыі ў рукі чужой царквы, сведчыць, што нас чакаюць у перспектыве вялікія праблемы”.

Сярод іншых твораў на выставе прэзентаваная інсталяцыя Алеся Пушкіна, прысвечаная вядомым асобам, зніклым у Беларусі. У яе цэнтры – абраз “Аб’яўленне Маці Божай адшукання загінулых і зніклых”.

“Я жыву ў Бабры, сярод пушчаў і балот беларускай зямлі. Аднойчы мясцовыя п’яніцы прынеслі мне абраз і прапанавалі набыць яго за пяць бутэлек партвейну. Даў ім сто тысячаў рублёў. Ужо потым зразумеў, што гэта вельмі сур’ёзны абраз, вельмі актуальны для сённяшняга часу. Бо ў нашай краіне ёсць загінулыя і зніклыя. Напрыклад, генерал Юрый Захаранка, якому сёлета спаўняецца 60 гадоў. І вось я зрабіў гэтую інсталяцыю і прысвяціў яму… Гэта народны абраз XIX ст., гэта знак, што трэба спадзявацца, што генерал Захаранка будзе знойдзены, у якой іпастасі – невядома. Можа, ён не будзе жывы, але ён будзе вернуты для гісторыі Беларусі”, – патлумачыў ідэю сваёй інсталяцыі мастак.

Падчас адкрыцця выставы невядомы мужчына прычапіў пад інсталяцыяй Пушкіна партрэты зніклых палітыкаў. Дырэктар Палацу мастацтваў патрабаваў ад яго пакінуць памяшканне і зняў выявы са сцяны.

Выстава “Другі фэст беларускага духоўнага мастацтва” будзе працаваць да 29 студзеня.

belsat.eu

Стужка навінаў