Палітвязень, ваўкавыскі прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч быў вымушаны парэзаць сабе вены, бо трапіў у камеру для “ніжэйшага саслоўя”. Тых, хто не здолеў з яе выйсці, называюць “апушчанымі”, а гэта азначае пагаршэнне адносінаў з іншымі зняволенымі.
Пра “тонкасці” турэмнага жыцця ў “Гарачым каментары” распавёў праваабаронца Алег Волчак. Пра тое, што Мікалай Аўтуховіч спрабаваў скончыць жыццё самагубствам, зняволеныя паведамілі сваякам і праваабаронцам.
Паводле Алега Волчака, улады баяцца бунтаў, таму на зоне трымаюць пад кантролем тых, хто мог бы ўзначаліць супраціў.
Праваабаронца паведаміў, што разам з кіраўніком аб’яднання ветэранаў баявых дзеянняў “Абаронцы айчыны” Аляксандрам Камароўскім яны накіравалі заяву генеральнаму пракурору Аляксандру Канюку. Той, паводле госця “Гарачага каментара”, таксама “афганец” (як Аўтуховіч, Волчак і Камароўскі. – belsat.eu). “І мы разлічваем, што ў яго ёсць гонар афіцэра, і ён правядзе правяранне адносна таго, хто стварае праблемы Аўтуховічу”, – патлумачыў праваабаронца. Ён дадаў, што рыхтуецца ліст аб падтрыманні палітвязня ад ветэранаў з розных краінаў, якія ваявалі ў Афганістане ды Іраку.
Сувязь з Мікалаем Аўтуховічам адсутнічае роўна месяц: апошні ліст жонка атрымала ад яго 16 лістапада. Ваўкавыскі прадпрымальнік уваходзіць у спіс пятнаццаці самых вядомых палітвязняў свету, дзякуючы сваёй 90-дзённай галадоўцы.
“Хацеў бы падзякаваць простым зняволеным, якія, рызыкуючы сваім жыццём, перадаюць інфармацыю праваабаронцам”, – скарыстаўся магчымасцю Алег Волчак.
belsat.eu