Ветэраны іракскай вайны: ці было варта?


Вайна скончаная – Злучаныя Штаты пакінулі Ірак. Апошнія жаўнеры днямі выедуць з краіны. У Іраку застануцца толькі каля 200 амерыканскіх дарадцаў і 1500 працаўнікоў амерыканскай амбасады.

Іракская кампанія назаўсёды пакінула след у жыцці тысяч амерыканскіх жаўнераў ды іхных сем’яў. Ці лічаць яны, што іракская кампанія дасягнула сваіх мэтаў?

Сяржанту Крыстафэру Лоўрэнсу, які страціў нагу падчас адной з місіяў, так не падаецца.

«Я ўсцяж не маю пачуцця, што мы скончылі сваю справу, і я не хачу, каб атрымалася так, што мае браты і сёстры аддалі свае жыцці толькі дзеля таго, каб праз нейкія 20 гадоў мы зноўку туды вярнуліся», – кажа ён.

«Былі дні, калі было прыемна думаць пра тое, што мы насамрэч выконваем місію, было бачна, як вяртаецца мірнае жыццё, як гарадскія жыхары выходзяць і вітаюць нас… Яны выдаваліся ўсцешанымі, што бачаць нас, і мы маглі дапамагчы, гэта было выдатна. Але гэтак было далёка не заўсёды», – успамінае жаўнер.

Галоўнымі мэтамі аперацыі былі звяржэнне рэжыму Садама Хусэйна і знішчэнне ягонага арсеналу хімічнай зброі, якую так і не знайшлі. 17 красавіка 2003 г. дыктатара павесілі паводле выраку Вярхоўнага суда Іраку.

Капрал Артур Ўэбэр, чатырохгадовую службу якога скончыла снайперская куля, мяркуе, што гэтага дастаткова.

«Шчыра кажучы, я веру ў тое, што варта даць свабоду іншай краіне. Не ведаю… Мы, бясспрэчна, зрабілі слушную рэч. Гэта… гэта будзе ў падручніках гісторыі. І я быў часткаю гэтага. І я распавяду сваім дзецям: «Гэй, ведаеце, а ваш тата быў там», – кажа Ўэбэр.

Напярэдадні Барак Оўбама заявіў, што ЗША пакідаюць Ірак «суверэнным, стабільным і самадастатковым».

«Стабільнасць і суверэннасць» каштавала жыцця 4 487 амерыканскіх жаўнераў і больш як тысячы цывільных асобаў (працаўнікоў амбасадаў і абслугоўваючага персаналу) ды 92 журналістам. Страты ж іракцаў сярод вайскоўцаў і мірнага насельніцтва не паддаюцца дакладным падлікам. Афіцыйна называецца лічба больш за 100 000, хаця незалежныя эксперты падкрэсліваюць, што насамрэч ахвяраў значна болей.

belsat.eu

Стужка навінаў