Сяргей Чалы: Хачу, каб усё хутчэй скончылася. Сёння суд па справе ягонага збіцця


Суд Цэнтральнага раёна Мінска пачне разглядаць крымінальную справу пра напад на эканаміста Сяргея Чалага і грамадскага актывіста Анатоля Сакалоўскага.

Пачатак паседжання а 10:30.

Сяргей Чалы спадзяецца атрымаць кампенсацыю за залітую крывёй вопратку, але не будзе настойваць на жорсткім пакаранні.

«Я не буду дамагацца турэмнага тэрміну. Усё таксама залежыць ад абставінаў, але чагосьці спецыфічнага ад суду не чакаю. Буду дамагацца кампенсацыі, але якой, трэба абмеркаваць з адвакатам. Шчыра, я проста хачу, каб усё гэта хутчэй скончылася», – распавёў belsat.eu Сяргей Чалы.

Каментуючы здарэнне, Ігар Шуневіч гаварыў, што ў яго супрацоўнікаў ёсць запісы з камераў відэаназірання.

«Але гэты запіс чамусьці не далучаны да справы. Таксама ўзнікае пытанне пра колькасць нападнікаў. Я лічу, што іх было больш, чым праходзіць па справе, бо толькі мяне збівалі двое, у той час, як іншыя білі Сяргея Чалага. Незразумелым застаецца і матыў нападнікаў, – распавёў прэс-службе БАЖ Анатоль Сакалоўскі.

Нагадаем, што 18 красавіка эканаміста Сяргея Чалага і Анатоля Сакалоскага збілі ў двары сталічнага ГУМа. Абвінавачанне па частцы 2 артыкула 339 Крымінальнага кодэкса прад’яўленае двум асобам. Паводле гэтага артыкулу, нападнікам пагражае арышт, абмежаванне волі або пазбаўленне волі на тэрмін да 6 гадоў.

ГА/ДР belsat.eu

Стужка навінаў