Чарговы страчаны элемент суверэнітэту


Палітолаг Аляксандр Класкоўскі падкрэслівае, што нізкі кошт газу для краіны зусім не азначае паніжэння тарыфаў для насельніцтва.

“Абяцаюць, што ашчаджаныя грошы пойдуць на сацыяльныя патрэбы – аднак бюджэт у нас непразрысты, таму пракантраляваць гэта будзе немагчыма. Але ў любым выпадку – сёння зніжка на газ, нейкая палёгка, можна заткнуць гэтыя фінансавыя дзіркі, аднак гэты энергетычны наркотык ставіць крыж на рэформах, на мадэрнізацыі прамысловасці ды на еўрапейскіх перспектывах Беларусі”, – кажа палітолаг.

У выніку продажу “Белтрансгазу” Беларусь будзе плаціць за расейскі газ $ 164 за 1000 кубаметраў. Гэта дазволіць ашчадзіць каля $ 2 млрд, бо сярэдні кошт для Еўропы складае $ 400. Аднак што гэта азначае ў даўжэйшай перспектыве?

“Для Расеі гэта доўгачаканы геапалітычны набытак, а для Беларусі – чарговая саступка элементу суверэнітэту. Праз набыццё другой часткі “трубы” Расея засцерагае сябе ад усялякіх газавых войнаў, а ў больш шырокім сэнсе – яна прыбірае да рук нашую маёмасць і будзе кантраляваць палітычна нашую краіну. Здача суверэнітэту адбудзецца не заўтра, але існуе такі вельмі небяспечны трэнд для беларускай незалежнасці”, – зазначыў Аляксандр Класкоўскі.

belsat.eu

Стужка навінаў