Belsat.eu падводзіць вынікі чарговага дня супрацьстаяння беларускага народу і ўладаў.
На саміце ў Бруселі лідарам Еўразвязу нарэшце ўдалося пераканаць Кіпр зняць блакаванне санкцыяў супраць уладаў Беларусі. Санкцыйны спіс быў зацверджаны, у яго ўвайшлі 40 асобаў – гэта сілавікі і сябры ЦВК. Таксама санкцыі супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнка ўвялі ЗША – ў спіс трапілі 8 беларускіх дзяржслужбоўцаў. Нагадаем, раней санкцыі супраць уладаў Беларусі прынялі Вялікая Брытанія і Канада.
Міністэрства замежных справаў Беларусі ў адказ абвесціла, што ўводзіць свой «чорны спіс» супраць шэрагу чыноўнікаў ЕЗ, Вялікай Брытаніі і Канады. У сваю чаргу ў Маскве заявілі, што беларускі санкцыйных спіс у адказ на санкцыі ЕЗ пачынае аўтаматычна дзейнічаць у РФ у адпаведнасці з саюзніцкімі абавязкамі.
Але ўвядзеннем санкцыяй супраць еўрапейскіх чыноўнікаў ўлады не абмежаваліся. Афіцыйны Менск 2 кастрычніка адклікаў для кансультацыяў сваіх амбасадараў у Польшчы і Літве і прапанавала амбасадарам гэтых краінаў зрабіць тое ж самае. Акрамя таго, уладам Польшчы і Літвы «прапанавана да 9 кастрычніка 2020 гады прывесці да парытэту з беларускімі замежнымі ўстановамі ў адпаведных краінах склад сваіх дыпламатычных прадстаўніцтваў у Беларусі». Для Літвы гэта, адпаведна, з 25 да 14 дыпламатаў, а для Польшчы – з 50 да 18.
Міністр замежных справаў Лінас Лінкявічус заявіў, што Літва не мае намеру адклікаць свайго амбасадара ў Беларусі для кансультацыяў або скарачаць штат амбасады. Ён таксама паведаміў, што Літва ўзгадніла свае дзеянні з Польшчай. «Іх рэакцыя будзе падобнай», – дадаў ён.
2 кастрычніка ўлады зладзілі новую атаку на незалежную прэсу: Міністэрства замежных справаў анулявала акрэдытацыі ўсім замежным журналістам у Беларусі. Прыём заявак на атрыманне новай акрэдытацыі пачнецца з 5 кастрычніка. Такім чынам, ад сённяшняга дня ўсе журналісты замежных СМІ ў Беларусі пазбаўлены права працаваць да таго моманту пакуль МЗС не зацвердзіць іх новыя заяўкі на атрыманне акрэдытацыі.
У Магілёве быў затрыманы журналіст «Белсату» Аляксандра Сідарэўскі. Яго выклікалі на размову ў міліцэйскі пастарунак, дзе супраць журналіста склалі адміністратыўны пратакол нібыта за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Да суду Сідарэўскага пакінулі ў ІЧУ.
Таксама ў Беларусі працягваліся затрыманні ўдзельнікаў пратэстаў ды іншадумцаў. У Менску сілавікі затрымалі заснавальніка тэлеграм-канала «Отчислено» Ігара Кабушкава. Яшчэ адна адміністратарка – Алеся Вакуліч – не выходзіць на сувязь. Таксама былі затрыманыя прадстаўнікі друкарскага кааператыва «Листовка».
У Магілёве затрымалі супрацоўніцу Магілёўскага драматычнага тэатру Вольгу Семчанка. А ў Гомлі міліцыя затрымала жанчын, якія пайшлі ўскладаць кветкі да помніка Ірыны Паскевіч на вуліцы Ірынінскай. Сярод іх была актывістка Святлана Кароль.
МУС абвесціў пра затрыманне ўдзельнікаў аднаго з лакальных чатаў, у якім людзі абмяркоўвалі пратэсты. Па месцы жыхарства менчукоў «была канфіскаваная пнеўматычная зброя, боепрыпасы, балаклавы, прадметы для пашкоджанні транспарту, сродкі інтэрнэт-выведкі і радыёперахопу».
32-гадовы мужчына прызнаны падазраваным па крымінальнай справе аб масавых закалотах. У прыватнасці, сілавікі вінавацяць яго ў тым, што ён «выяўляў міліцэйскія аўтамабілі, перапісваў іх нумары і накіроўваў гэтыя звесткі актывістам, каб тыя пазбягалі затрыманняў», а таксама «перахопліваў радыёперамовы міліцыянтаў і публікаваў іх у чаце». У дачыненні яшчэ 16 чалавек складзеныя пратаколы за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах, усе яны цяпер знаходзяцца ў ЦІП на Акрэсціна.
Акрамя таго, 2 кастрычніка стала вядома, што актывістам «Еўрапейскай Беларусі» Андрэю Войнічу, Яўгену Афнагелю і Паўлу Юхневічу выстаўлена абвінавачванне паводле арт. 293 Крымінальнага кодэксу (масавыя закалоты). Праваабаронцы ўжо прызналі актывістаў палітвязнямі і патрабуюць іх вызвалення.
Пратэсты 2 кастрычніка насілі лакальны характар.
Днём акцыі салідарнасці каля сваіх ВНУ ладзілі студэнты МДЛУ, БДТУ, БДУІР і БДУ.
Цягам дня ў Менску акцыі салідарнасці адбыліся каля метро «Пушкінская, каля метро «Усход», каля ГЦ «Тытан» і на Лагойскім тракце.
Мясцовыя жыхары ладзілі сходы на «Плошчы Пераменаў» і «плошчы Калеснікавай», у Грушэўскім скверы, Лебядзіным і ў Шабанах. Ва Уруччы адбыўся онлайн-канцэрт NaviBand, у Новай Баравой Ганна Севярынец чытала лекцыю па літаратуры, а ў Міхалова мясцовыя жыхары разам глядзелі мультфільм «Чыпаліна».
У большасці выпадкаў акцыі салідарнасці і сходы жыхароў адбываліся без умяшання міліцыі. Аднак, напрыклад, на Паўднёвым Захадзе ў Менску АМАПаўцы ў аліўкавай форме зладзілі хапун – паведамляецца мінімум пра адно затрыманне.
Адбываліся невялікія акцыі салідарнасці і ў рэгіёнах – Горадні, Лідзе, Лагойску ды інш.
ІІ belsat.eu