Змітра Дашкевіча наведаў адвакат


Пра гэта “Белсату” распавяла нявеста палітвязня Наста Палажанка, якая сёння таксама ездзіла ў Горацкаю калонію.

“Адваката пусцілі не адразу, давялося пачакаць гадзінкі паўтары. Але ў выніку ўсё ж такі прарваліся”, – гаворыць Наста Палажанка. “Прарвацца” адвакату да падабароннага ўдалося толькі на чацвёрты раз – тройчы адміністрацыя калоніі без тлумачэння прычынаў адмаўляла ў сустрэчы. “Гэтым разам падстрахаваліся як маглі. Напісалі заявы ў Дэпартамент выканання пакаранняў і ў пракуратуру, напісаў заяву на сустрэчу з адвакатам і сам Дашкевіч”, – зазначыла Наста Палажанка.

Паводле яе, Зміцер па-ранейшаму застаецца ў памяшканні камернага тыпу, куды яго змясцілі пасля амаль двух месяцаў знаходжання ў штрафным ізалятары. Паведаміць падрабязнасці Наста Палажанка пакуль адмовілася: “У аўторак, 30 жніўня, “Малады фронт” правядзе надзвычайную прэс-канферэнцыю. Там пра ўсё і даведаецеся”.

На сайце Міжнароднага руху беларускай моладзі “Малады фронт” паведамляецца, што “ў Змiтра Дашкевiча маюцца шматлікія скаргi на нестатутнае абыходжанне ў турме, каторае можна трактаваць як ужыванне катаванняў, а таксама скаргi на неаднаразовае парушэнне яго права на абарону i iншых прадугледжаных законам правоў адмiнiстрацыяй ВК №9, а таксама аб цiску і правакацыях у адносiнах яго з боку асуджаных”.

Лідара “Маладога фронту” Змітра Дашкевіча прэвентыўна затрымалі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў летась 18 снежня і асудзілі на два гады пазбаўлення волі.

belsat.eu

Стужка навінаў