Дзве буйныя аўтадарогі чакаюць на рэканструкцыю


Да 2012 года завершыцца рэканструкцыя пад першую катэгорыю аўтамабільных дарогаў, што злучаюць Менск з Магілёвам і Гомлем. Дазволеная хуткасць на іх складзе 120 кіламетраў на гадзіну. Пра гэта паведаміў начальнік упраўлення ўтрымання дарожнай сеткі дэпартаменту “Белаўтадар” Аляксандр Галаўнёў.

“Наступным этапам будзе рэканструкцыя дарогі на Горадню, участку шляху да Плешчаніцаў у Віцебскім кірунку. І вялікая задача – будаўніцтва другой менскай кальцавой аўтадарогі, якое пачнецца налета”, – паведаміў Галаўнёў.

Хуткасныя якасці дарогі, паводле адмыслоўца, вызначаюцца не столькі колькасцю палосаў і добрым пакрыццём, колькі арганізацыяй руху – адсутнасцю пешаходных пераходаў, наяўнасцю бар’ерных агароджаў, развязак на розных узроўнях.

Пры гэтым Аляксандр Галаўнёў адзначыў, што ў Беларусі існуе сур’ёзная праблема з фінансаваннем утрымання дарожнай сеткі: у параўнанні з 2006 годам яно зменшылася на 30%, у той час як патрабаванні да ўтрымання ўвесь час павялічваюцца.

belsat.eu

Стужка навінаў