Раніцай 27 сакавіка пад Асіповічамі загарэўся адзіны ў Беларусі прытулак для дзікіх птушак. У полымі загінулі чатыры сотні індычанёў і два буслы. Сям’я Сталяровых, якая трымае птушнік, здолела ўратаваць толькі дзевяць буслоў і двух страусаў – яны дагэтуль бадзяюцца па наваколлі.
Гадавальнік загарэўся а 4:30 раніцы раніцы. Уладальнікі зразумелі гэта толькі тады, калі ў электралічыльніку выбіла пробкі. Паводле гаспадароў, полымя было «вышэй дрэваў», падае «Tut.by».
Даць рады з агнём самастойна пара не магла: праз адсутнасць электрычнасці не працавала помпа, якая падавала ваду. Таму сям’я вырывала загарадзі, каб па іх полымя не перакінулася на астатнія пабудовы на ўчастку. Канчаткова полымя патушылі толькі ратавальнікі.
У пажары загінулі каля 400 двухтыднёвых індычанятаў і два буслы. Таксама агонь знішчыў корм для астатніх гадаванцаў сямʼі.
«Індычанятаў мы гадавалі для таго, каб зарабіць на корм усім астатнім птушкам. Цяпер карміць іх няма чым і няма за што: у нас застаўся толькі заробак з асноўных месцаў працы», – кажа ўладальніца птушніку Жана.
Прычыну пажару ўсталёўваюць. Не выключаная версія падпалу.
Цяпер у гаспадароў прытулку праблема: дзе размясціць птушак і чым іх карміць.
Кажуць, будуць рады любой дапамогі – рукамі, будматэрыяламі, грашыма. Яшчэ і страусаў знайсці трэба, адзін з іх раней ужо бег.
Падрабязнасці можна ўдакладніць у групе «уКантакце» або па тэлефоне +375 29 668-47-31
ДД belsat.eu