АБСЕ абяцае абнародаваць заключэнні экспертаў у справе Бябеніна


Менск, 29 кастрычніка. АБСЕ абяцае апублікаваць заключэнні экспертаў у справе журналіста Алега Бябеніна, паведаміў БелаПАН намеснік кіраўніка Офісу АБСЕ ў Менску Жандас Асанаў.

Эксперты АБСЕ з Нарвегіі ды Швецыі, якія прыбылі ў Менск 25 кастрычніка для азнаямлення з матэрыяламі справы аб гібелі Бябеніна, скончылі сваю працу і сёння плануюць пакінуць Беларусь.

Паводле намесніка кіраўніка Офісу АБСЕ ў Менску Жандаса Асанава, па выніках працы эксперты спачатку складуць унутраную справаздачу. “Пасля вынікі будуць апублікаваныя. Але ў звязку з тым, што справа няпростая (даклад зойме не адну старонку), дакладную дату яго апублікавання пакуль назваць не магу”, – сказаў ён.

Судовы медык і крыміналіст, якіх вызначыў Цэнтральны офіс АБСЕ ў Вене, азнаёміліся з матэрыяламі расследавання, якое праводзяць беларускія праваахоўныя органы. Замежныя спецыялісты пабывалі на месцы здарэння ў вёсцы Пярхурава Дзяржынскага раёну, на лецішчы Алега Бябеніна, сустрэліся з ягонымі сябрамі і тымі, хто ў ліку першых убачыў журналіста ў пятлі.

Цела журналіста, якое вісела ў пятлі, знайшлі на ягоным лецішчы прыблізна а 19.00 3 верасня. Пракуратура правярае версію пра забойства ды інсцэнізацыю самагубства Бябеніна.

belsat.eu

Стужка навінаў