У Дзень незалежнасці пляскаць у ладкі можна толькі ветэранам


Менчукі і госці сталіцы змогуць 3 ліпеня беспакарана пляскаць у ладкі ветэранам, удзельнікам параду і артыстам. Пра гэта заявіў на прэс-канферэнцыі 27 чэрвеня намеснік начальніка ГУУС Менгарвыканкаму, начальнік міліцыі грамадскай бяспекі Ігар Яўсееў.

Такім чынам ён адказаў на пытанне журналістаў пра тое, як міліцыя збіраецца рэагаваць на воплескі грамадзянаў і ці маюць намер супрацоўнікі праваахоўных органаў разглядаць іх як праяву пратэставых настрояў. Яўсееў таксама нагадаў, што згодна з рашэннем Менгарвыканкаму № 1554 любыя акцыі, не санкцыянаваныя гарадскімі ўладамі, на Кастрычніцкай плошчы забароненыя.

На пытанне журналістаў пра методыку распазнавання ў агульнай масе людзей удзельнікаў маўклівых акцыяў пратэсту начальнік упраўлення аховы правапарадку МУС Іван Кубракоў адказаў: міліцыя бачыць, хто перашкаджае праходу грамадзянаў у цэнтры гораду. «Грамадзяне не будуць затрымлівацца 3 ліпеня, калі з іхнага боку не будзе парушэння грамадскага парадку», – заявіў Кубракоў.

Яўсееў дадаў, што для забеспячэння аховы правапарадку ў святочныя дні ў сталіцы будзе задзейнічаны ўвесь асабовы склад менскага гарнізону міліцыі, часткі ўнутраных войскаў. Для арганізацыі бяспекі дарожнага руху будуць задзейнічаныя 270 працаўнікоў ДАІ. У месцах масавых імпрэзаў плануецца арганізаваць 95 пунктаў пропуску з рамкамі металадэтэктараў.

Месцы правядзення масавых імпрэзаў, якія адбудуцца 3 ліпеня, узятыя пад ахову ўжо 27 чэрвеня, заявіў Ігар Яўсееў. Гэта, у прыватнасці, пляцоўка каля стэлы «Менск – горад-герой» на перасячэнні праспектаў Пераможцаў і Машэрава. «Крымінагеннае становішча ў горадзе знаходзіцца пад кантролем ГУУС», – падкрэсліў Яўсееў. «Нейкай інфармацыі аб прычынах, якія перашкаджалі б правядзенню свята, няма», – дадаў ён.

belsat.eu

Стужка навінаў