Куды ўцякаць Кадафі?


“Кадафі схаваюць у Беларусі толькі за вельмі вялікія грошы”, – лічыць палітолаг Віктар Чарноў.

Прыпушчэнні пра магчымасць уцёкаў Кадафі ў Беларусь не маюць пад сабою глебы – лічыць палітолаг Віктар Чарноў. На ягоную думку, калі лідар Лівійскай Джамахірыі і сапраўды вырашыць працягваць барацьбу альбо схавацца па-за межамі Лівіі, то найбольш імаверна, прытулак ён знойдзе ў Судане, а не ў нашай краіне. “Калі ён і апынецца ў Беларусі, то толькі інкогніта і за вельмі вялікія грошы”, – падкрэсліў палітолаг.

Інфармацыя пра магчымыя уцёкі Кадафі ў Беларусь з’явілася ў італьянскай газеце «Corriere della Sera» – у інтэрв’ю выданню экс-міністра замежных справаў Лівіі Абдэля Рахмана Шальгама, які перайшоў на бок паўстанцаў.

Тым часам палітолаг Віктар Чарноў упэўнены, што рэжым Кадафі мае ўсе шансы пратрымацца яшчэ некалькі месяцаў, нягледзячы на шматлікія прагнозы хуткага зрынання дзейнай улады ў Трыпалі. “Кадафі “хаваюць” недзе з сярэдзіны лютага – маўляў, вось-вось рэжым падзе. І чарговыя падобныя заявы наўрад ці адпавядаюць рэчаіснасці, бо па-ранейшаму войска Кадафі кантралюе палову краіны, у тым ліку сталіцу Трыпалі. І на гэтай частцы краіны няма апазіцыйных выступленняў, пратэстаў – насельніцтва маўкліва падтрымлівае рэжым”, – падкрэслівае эксперт.

belsat.eu

Стужка навінаў