Шасцёра дзяцей на поўначы Францыі аказаліся ў шпіталі пасля таго, як з’елі гамбургеры з ялавічынаю.
Ежа была інфікаваная разнавіднасцю бактэрыі E. coli, якая раней у Нямеччыне забіла 36 чалавек. Пра гэта заявілі працаўнікі Міністэрства аховы здароўя Францыі ў чацвер, 16 чэрвеня.
Прыватная нямецкая сетка супермаркетаў «Lidl» зняла з продажу скрынкі з замарожанымі ялавічнымі катлетамі, якія лічыліся прычынай інфекцыяў. Гэтыя скрынкі прадаваліся пад брэндам «Steaks Country» і мелі тэрмін прыдатнасці да 10, 11 і 12 траўня, кажуць службовыя асобы.
У сераду, 15 чэрвеня, 6 дзяцей ва ўзросце ад 20 месяцаў да 8 гадоў з розных гарадоў рэгіёну Па дэ Кале ў Францыі былі шпіталізаваныя ў горадзе Ліль пасля прыступаў крываўкі.
Адно дзіця хутка адпусцілі дадому. Пяцёра застаюцца ў цяжкім стане. Трое малых праходзяць лячэнне гемадыялізам – метадам для выдалення адкідаў з крыві ў выпадку ныркавай няздатнасці.
Нягледзячы на тое, што гэтыя ўспышкі ідуць па пятах хваробаў, звязаных са спажываннем гародніны, што забілі 36 чалавек у Нямеччыне і аднаго ў Швецыі, працаўнікі Міністэрства аховы здароўя Францыі паведамілі, што выпадкі ў краіне не маюць відавочнай сувязі з інфекцыяй у Нямеччыне.
Прадстаўнік «Lidl» заявіў, што ялавічына, якая ўтрымлівалася ў падазраваных скрынках, была набытая ў французскага пастаўніка «SEB-CERF», які базуецца ў горадзе Сэн-Дызье на паўночным усходзе Францыі ды, паводле сайту кампаніі, вырабляе каля 400 тонаў марожанай ялавічыны на тыдзень.
Пасля таго як скрынку з тэрмінам прыдатнасці да 10 траўня знайшлі ў хаце аднаго з інфікаваных дзяцей, французскія ўлады загадалі «Lidl» зняць з продажу скрынкі са «Steaks Country». Фірма зняла ўсю лінейку замарожаных стэйкаў з ялавічыны.
belsat.eu