34 гады пасля Чарнобылю. Небяспекі больш няма?


Аўтобус праязджае каля новага саркафага, які пабудаваны над 4-ым рэактарам Чарнобыльскай АЭС. Украіна, 20 красавіка, 2018 г.
Фота: GLEB GARANICH / Reuters / Forum

Мінула больш за тры дзесяцігоддзі пасля самай буйной катастрофы ў гісторыі мірнага атаму, ад якой найбольш пацярпелі беларускія землі. Суразмоўцы «Белсату» адзначаюць, што беларусы дагэтуль зазнаюць радыяцыйнае апраменьванне, а радыенукліды ўсцяж трапляюць на наш абедзенны стол.

Беларусы жывуць не пасля Чарнобылю, а дасюль – з ім. Імаверна, таму падзеі 34-гадовай даўніны не забытыя жыхарамі нашай краіны. Гэтак гомельцы ўзгадваюць чарнобыльскую аварыю:

«Нам нічога ўлады не казалі, даведаліся пра ўсё гэта з радыё «Свабода». Бацька прыйшоў на кухню і распавёў: «Падобна, што там аварыя нейкая ў Чарнобылі. Ну, а што нам? Аварыя і аварыя. І сталі жыць як звычайна».

«На першамайскія святы мы з дзецьмі былі на парадзе, а пасля ўжо нам сказалі, што здарылася аварыя. Тым, хто быў бліжэй, у 30-кіламетровай зоне, сказалі сцерагчыся, а тут нічога».

«У мяне цесць быў намеснікам старшыні аднаго з раёнаў, якія пацярпелі ад радыяцыі. Яму паказалі мапу радыяцыйных месцаў і сказалі нікому пра гэта не казаць. А мы паехалі з ім на рыбалку, дазіметрам памералі – 780 мілірэнтгенаў на беразе. Рабіце высновы, як нам усё «распавядалі» і ўсё «паказвалі».

30-ці кіламетровая зона адчужэння, закінутая вёска Арэвічы, Беларусь, 12 сакавіка 2016 г.
Фота: VASILY FEDOSENKO / Reuters / Forum

«Усе беглі, нічога з сабою не бралі, усё пакідалі, людзі ратаваліся самі. Ведаю, што гэта было страшна для ўсіх, і наступствы былі страшныя».

«Дні былі жахлівыя. Страх быў, няведанне. Я памятаю, мы прыехалі ў нейкі санаторый, і ад нас іншыя людзі шарахаліся, нібыта мы іх можам нечым нядобрым заразіць».

Hавiны
Ліквідатары ЧАЭС распавялі, чаго бракуе серыялу «Чарнобыль»
2019.06.03 10:21

Беларусь выдаткавала $ 30 млрд на пераадольванне наступстваў Чарнобылю. Але яны гэтак і не пераадоленыя. «Казаць пра тое, што праз 34 гады ўсё распалася, як любяць казаць беларускія чыноўнікі, нельга па той простай прычыне, што за гэты час распалася толькі палова радыенуклідаў. Яны не будуць уяўляюць сабой небяспекі і радыяцыйнай пагрозы, калі пройдзе 10 перыядаў паўраспаду, г. зн. 300 гадоў – для стронцыю і цэзію. Акрамя іх ёсць і іншы букет радыенуклідаў, якія выпалі з рэактару: такія гарачыя часціцы, як плутоній і ўранавыя элементы. Тэрмін іх актыўнасці – 240 тысяч гадоў. Таму наступствы дагэтуль не пераадоленыя», – кажа сябра Рады грамадскага аб’яднання «Экадом» і прадстаўніца Беларускай антыядравай кампаніі Таццяна Новікава.

У цэнтры кіравання спыненага 3-га рэактара на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі ў Чарнобылі, Украіна, 20 красавіка 2018 г.
Фота: Gleb Garanich / Reuters / Forum

Паводле эколага, сітуацыю ўскладняюць і штогадовыя пажары ў чарнобыльскай зоне, бо радыенукліды, якія застаюцца ў глебе і раслінах, пры дапамозе высокіх тэмператураў узнімаюцца ў паветра, адбываецца іх перанос на досыць вялікія адлегласці. Праз гэта людзі зазнаюць апраменьванне: хоць і ў малых дозах, але яно ёсць. Акрамя таго радыенукліды з чарнобыльскай зоны з плынямі грунтовых водаў, з ападкамі пераносяцца з чарнобыльскай зоны. У малых канцэнтрацыях, але яны ўсё ж трапляюць на наш абедзенны стол. Таццяна Новікава зазначае, што беларусы асабліва мусяць сцерагчыся, звяртаць увагу на якасць харчоў.

«Мы не павінныя забываць урокі Чарнобылю. Тое, што мы назіраем цяпер на Астравецкай АЭС, паказвае, што беларускі ўрад, беларусы і расейцы засвоілі найгоршыя ўрокі і ўзялі найгоршыя прыклады – гэта прыклад сакрэтнасці, прыклад парушэння тэхнічных нормаў, прыклад грэбавання нормамі бяспекі падчас пабудовы беларускай АЭС», – адзначае эколаг.

Радыяцыя і здароўе

Адразу пасля Чарнобыльскай аварыі радыяцыйнае забруджванне цэзіем 137 зазнала амаль чвэрць тэрыторыяў нашай краіны, на якіх жылі больш за 2 млн чалавек. Такая катастрофа не магла не адбіцца на здароўі і самаадчуванні людзей. Праз 34 гады можна рабіць пэўныя высновы, як паўплывалі на здароўе беларусаў наступствы чарнобыльскай аварыі. Найлепей пра гэта могуць распавесці самыя людзі. Вось што нам расказалі жыхары Гомля:

«Я зацяжарала ў 86 годзе, я не ведала, што была аварыя, я ніяк не засцерагалася ў гэтыя дні. Мая дачка нарадзілася на пачатку сакавіка 87 года. Я лічу, што гэта паўплывала на ейнае здароўе: у яе доўгі час не было дзяцей. Яна доўга лекавалася. Яе аднакласніцы такога ж узросту таксама доўга не маглі зацяжарыць. Гэта ўсё звязана з Чарнобылем».

Закінуты горад Прыпяць, каля 3 км ад Чарнобыльскай АЭС, Украіна, 25 снежня 2019 г.
Фота: Serg Glovny / Zuma Press / Forum

«Па здароўі людзі сталі нашмат слабейшыя, шмат хранічных захворванняў, перадусім шчытападобнай залозы. Здароўе стала ва ўсіх нашмат горшае, ды і дзеці слабейшыя сталі».

«Спачатку я ніяк не адчуў, што радыяцыя паўплывала, я тады быў здаровы, усё нармальна. Затое пазней у мяне шэсць інфарктаў адбылося».

«Раней людзі былі мацнейшыя. Нават я – малады чалавек, здавалася б, але ў мяне вельмі рана пачаліся праблемы з касцямі, у мяне ёсць хранічныя хваробы. Магчыма, гэта праз наступствы ад ЧАЭС. Я не магу сказаць, што я абсалютна здаровы ў свае 28 гадоў».

Паводле падлікаў экспертаў, за тры паслячарнобыльскія дзесяцігоддзі страты Беларусі склалі $ 235 млрд. Такія лічбы агучыў Сяргей Шпарло – начальнік Дэпартаменту ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС МНС Беларусі падчас прэс-канферэнцыі «Аб працы дзяржорганаў для пераадолення наступстваў катастрофы на ЧАЭС».

Праз Чарнобыль з гаспадарчага ўжытку былі выведзеныя вялікія абшары зямлі, стала немагчымым карыстацца прыроднымі рэсурсамі на забруджаных тэрыторыях, шмат якія прадпрыемствы і сельскія гаспадаркі спынілі дзейнасці, сотні тысячаў людзей мусілі пакінуць свае дамы.

Вольга Старасціна belsat.eu

Стужка навінаў