Эканаміст: Рэгуляванне коштаў скончыцца карткаваю сістэмаю


Рашэнне Аляксандра Лукашэнкі знізіць кошты на паліва назваць доўгатэрміновым і паспяховым нельга, упэўнены эканаміст Аляксандр Сінкевіч.

“Прымусовае рэгуляванне коштаў сустракаецца ў сацыяльна арыентаваных эканоміках – там, дзе дзяржаўны кантроль узмоцнены. Звычайна гэта прыводзіць да дэфіцыту, карткавай сістэмы, талонаў на нейкія рэчы”, – папярэджвае эксперт.

На патрабаванне Аляксандра Лукашэнкі канцэрн “Белнафтахім”, падняўшы 8 чэрвеня рознічныя кошты на паліва на 30%, ад 9 чэрвеня знізіў іх на 13–22 %.

Пакуль жа ў краіне не сцішылася пакупніцкая паніка, будзе адбывацца прыватызацыя самых прыбытковых аб’ектаў. Гэта зручны момант, бо гэтага не заўважае грамадзянская супольнасць. Куды ж пойдуць грошы ад продажу паспяховых прадпрыемстваў? Відавочна, на падтрыманне сацыяльнай стабільнасці: “Бо калі паглядзець на вядомую антыкрызісную праграму з 35 пунктаў, там не відаць ніякага прарыву. Усё скіраванае на тое, каб закансерваваць існую сітуацыю”, – мяркуе Аляксандр Сінкевіч.

Грошы ж перадусім трэба накіроўваць у інавацыйныя і навукова перспектыўныя сферы, якія маглі б падтрымаць арыентаваную на экспарт вытворчасць у доўгатэрміновай перспектыве, мяркуе эксперт. “У навуку, у адукацыю, каб людзі не разбягаліся са сваёй зямлі. Мае быць падтрыманая грамадзянская супольнасць, каб грамада магла ствараць нейкія сеткавыя структуры не ў плане канкурэнцыі з дзяржаўнымі, а дзеля забеспячэння свайго выжывання”.

Якія яшчэ грашовыя крыніцы здолее знайсці рэжым, эканаміст не ведае: “Фінансавая сістэма ў Беларусі не празрыстая, таму складана сказаць, адкуль будуць выцягвацца сродкі. Магчыма, будзе падтрыманне з Азербайджану. Вось прэм’ер паехаў у Ізраіль, магчыма, нешта там выйдзе. Макей (кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта У. Макей. – Рэд.) заявіў, што будуць нейкія грошы. Адкуль – складана сказаць. Але відавочна, што ёсць такія крыніцы. Відавочна”.

Сітуацыю вакол абяцанага спадаром Макеем мільярду Аляксандр Сінкевіч называе загадкаваю і выказвае меркаванне, што ён паходзіць з нейкага дзяржаўнага фонду, які дзее ў закрытым рэжыме.

belsat.eu

Стужка навінаў