Навагодні зварот Святланы Ціханоўскай


Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская звярнулася да суайчыннікаў з віншаваннямі ў навагоднюю ноч.

Навагодні зварот абранай прэзідэнткі Беларусі Святланы Ціханоўскай.

«Усе стаміліся ад негатыву. Кошты растуць. Людзей увесь час затрымліваюць. Візы не атрымаць. Вядома, хочацца схавацца, каб цябе ніхто не чапаў, і жыць сваім жыццём.

А ўявіце сабе, як стаміліся тыя, хто ў турмах. А іх тысячы. Стаміліся чакаць, стаміліся спадзявацца, стаміліся верыць. Як стаміўся Павел Кучынскі з Маладзечна, у якога рак. А там сотні людзей, якім патрабуецца медычная дапамога. Як стамілася жонка Бяляцкага дабівацца хоць нейкай вестачкі ад мужа. А дзеці – расці без мам і татаў.

Ведаеце, адкуль я чэрпаю сілы? Калі я ўстаю раніцай, я думаю пра тых, каму яшчэ цяжэй. І так балюча ад гэтага… Але гэты боль і злосць я ператвараю ў энергію.

Але ж на адной надзеі далёка не паедзеш. І прыстасоўвацца таксама не трэба.

Падумайце, можа, вы ўжо робіце штосьці. І не трэба гэтага абясцэньваць. Нават калі здаецца, што ў гэтым няма нічога грандыёзнага.

Прыгадайце марафон салідарнасці. Да яго далучыліся людзі з 86 краінаў свету. І гэта быў не проста прыгожы жэст, а рэальная дапамога нашым палітвязням і іх блізкім.

Зварот Святланы Ціханоўскай
Бэкстэйдж запісу навагодняга звароту Святланы Ціханоўскай. Скрыншот з відэа перададзены Офісам Святланы Ціханоўскай

Прыгадайце, як доктар, якому давялося з’ехаць у Польшчу, працягвае кансультаваць сваіх пацыентаў з Наваполацку, таму што яны ўжо два месяцы не могуць узяць талончык у паліклініку.

Ці як жанчына з Пінску, што раздрукавала ўлёткі «Не вайне», раскідала іх па суседзях. А там у яе чыноўнікі жывуць. Падаецца, невялікае дзеянне, але якое смелае!

Часта нам здаецца, што такія простыя рэчы наўрад ці нешта зменяць. Аднак менавіта з іх пачынаюцца значныя перамены.

Нават мая васьмігадовая дачка, якая ніколі не мела беларускамоўнага асяроддзя, нядаўна заявіла, што хоча размаўляць на роднай мове. І цяпер кожны дзень у мяне пачынаецца са словаў «Добрай раніцы!».

Нас падтрымліваюць і гатовыя дапамагаць. Але вы ж не думаеце, што прыйдзе Байдэн ці Макрон і вырашыць нашыя праблемы за нас?

Зрабіць гэта можам толькі мы самі. Толькі ад нас з вамі залежыць, як будуць ставіцца да Беларусі. Нам будуць дапамагаць толькі тады, калі мы будзем дапамагаць адно аднаму.

І мы робім гэта ўсё не дзеля чагосьці абстрактнага, мы хочам вельмі зразумелых і простых рэчаў і хочам іх заслужана.

Мы хочам вярнуць наш дом і быць у ім гаспадарамі. Хочам пачувацца ў бяспецы. І жыць у краіне, дзе ўлада паважае людзей, а не пагарджае імі.

Нават у самых складаных умовах, пасля няўдалых спробаў мы не крычалі «Усё прапала!», а шукалі новыя спосабы дамагчыся сваіх мэтаў.

І мы шмат чаго дамагліся. Часта – не дзякуючы, а насуперак.

Насуперак рэпрэсіям запускаем ініцыятывы і аднаўляем медыі.

Насуперак русіфікацыі размаўляем па-беларуску і адзначаем нацыянальныя святы.

Насуперак новым указам і падаткам прадпрымальнікі развіваюць свой бізнес.

Медыкі ратуюць жыцці, нягледзячы на адсутнасць лекаў. А нашыя бабулі ўжо не вераць прапагандзе, таму што ўнукі навучылі іх глядзець YouTube.

І ўсё гэта мы робім, нягледзячы на стомленасць, злосць і расчараванне…

І нам ужо варта пачаць сябе цаніць!

Бо мы, беларусы, маем вынослівасць, каб адказваць на выклікі. Крэатыў, каб ствараць новае. Сумленнасць, каб прызнаваць памылкі. Працавітасць, каб брацца нават за самыя складаныя задачы. І вялікае сэрца, каб дапамагаць адно аднаму.

І не забывайцеся кожны дзень нагадваць сабе пра гэта.

Зварот Святланы Ціханоўскай
Запіс навагодняга звароту Святланы Ціханоўскай. Скрыншот з відэа перададзены Офісам Святланы Ціханоўскай

Мы заўсёды кудысьці спяшаемся. Скончыць працу, паспець усё па хаце, прачытаць важныя навіны… Але зараз, калі мы праводзім гэты няпросты год, вазьміце маленькую паўзу. Выдыхніце.

Падумайце пра чалавека, якога за ўсім, што адбываецца, лягчэй за ўсё забыцца, – пра сябе. Бо кожны з нас – жывы чалавек, які заслугоўвае любові, павагі і клопату.

Знайдзіце тое, за што вы сабою ганарыцеся – упэўненая, такое ёсць. Скажыце сабе дзякуй. За тое, што выдужалі, не ачарсцвелі.

Ведаю, можа здавацца, што навокал хаос. Лёгка заблытацца і страціць сябе. Мы ўсе розныя. Але памятайце, у нас заўсёды ёсць тое, што нас абʼядноўвае.

Дарагія мае беларусы!

У мяне няма адказаў на ўсе пытанні. Я не ведаю, што нас чакае ў новым годзе. І я не буду казаць вам, што ўсё будзе добра.

Многія рэчы нам даводзіцца рабіць насуперак. Але ў новым годзе я хацела б, каб у нас з вамі было менш «насуперак» і больш «дзякуючы».

Дзякуючы салідарнасці, мы зможам вызваліць палітвязняў.

Дзякуючы нашаму адзінству, мы здабудзем новых саюзнікаў у свеце.

Дзякуючы нашай мудрасці, будзем рабіць менш памылак.

Дзякуючы нашаму жыццялюбству – больш усміхацца і падтрымліваць адно аднаго.

І галоўнае, дзякуючы сіле нашага народу, крок за крокам разам ісці да свабоднай і незалежнай Беларусі».

belsat.eu

Стужка навінаў