Год сцяны. З якога боку апынецца Беларусь?

«Вялікі быў год і страшны год па нараджэнні Хрыстовым 1918, з пачатку ж рэвалюцыі другой…» Гэтак пачынаецца «Белая гвардыя» Міхаіла Булгакава, што апісвае абставіны, прыкметна больш трагічныя і крывавыя за цяперашнія. Да чаго гэта я? Бывалі часы і прыкметна горшыя за сённяшнія.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Два сцягі на ўкраінскім памежным пасту на кантрольна-прапускным пункце ў Берасцейскай вобласці, Беларусь. 15 лютага 2023 года.
Фота: Natalia Kolesnikova / AFP / East News

Ацэнка падзеяў прынцыпова залежыць ад кута, з якога на іх глядзім, а таксама некаторай унутранай сістэмы каардынатаў. І пры гэтым хоць бы прыблізная ступень аб’ектыўнасці патрабуе адлегласці, якая вымяраецца дзясяткамі гадоў як мінімум.

Аднак лічбы на календары патрабуюць «фінальнага адліку». Што ж вызначала нашае жыццё ў 2023-м?

Вайна

На жаль, вайна. Яна вызначае рэчаіснасць. І калі ў пачатку года грамадскасць была натхнёная поспехамі аперацыі вызвалення Харкаўскай вобласці (і іншых рэгіёнаў), то нізкая выніковасць контрнаступу Украіны значна астудзіла шапказакідальніцкія настроі тых, хто спачувае «правільнаму боку». Відавочна, вайна прымае зацяжны характар, а гэта азначае «бітву рэсурсаў».

Крэмль выдаткоўвае на працяг баявых дзеянняў блізу 8 % ад свайго ВУП і можа прадаўжаць доўга. І пры гэтым, «чым далей у лес», тым мацней гэтыя выдаткі будуць адбівацца на дабрабыце расейцаў. Адмоўныя эфекты назапашваюцца, «рвануць» мае пасля выбараў Пуціна, дзесьці да канца вясны 2024 года. І далей рабіць выгляд, што існуе асобна Расея, дзе ўсё стабільна, ціха і спакойна, а самая вялікая праблема – гэта вечарынка Іўлеевай, а асобна існуе вайна – дзесьці там, далёка… Далей выяўляць такое двудумства ўжо не атрымаецца.

Але і Украіна выдаткоўвае, і шмат. Уласныя рэсурсы краіны не дазволілі б весці баявых дзеянняў больш за пару месяцаў, гэта відавочна, і таму будучыня краіны залежыць ад жадання ўмоўнага Захаду выдаткоўваць на гэты канфлікт прыблізна 0,4 % ад уласнага ВУП. Гэтага больш як дастаткова для паспяховага ваеннага супрацьстаяння Расеі, і гэта дакладна не эканамічны, а палітычны выбар.

Лукашэнка ж, які ўгаворвае Зяленскага сесці за стол перамоваў з Расеяй, касплэіць якога-небудзь цара Балгарыі, хаўрусніка Гітлера, які ў 1942 годзе ўгаворваў Сталіна здацца Нямеччыне.

Пакуль жа можна зафіксаваць: у 2023 годзе мэты Пуціна ва Украіне дакладна не сталі бліжэйшыя.

Расея

Залежнасць Беларусі ад Расеі стала большаю. Больш за 60 % у замежным гандлі, інвестыцыях і вонкавых пазыках прыпадае менавіта на нашую ўсходнюю суседку. Гэта надзвычай небяспечна. Да вайны каля траціны нашага замежнага гандлю прыпадала на краіны ЕЗ, ЗША і Украіну. Сёння гэтыя рынкі страчаныя, і ў тым, што стратэгія «ўсё на чырвонае» больш пасуе гусару, які загуляўся, а не кіраўніцтву незалежнай дзяржавы, сыходзяцца літаральна ўсе эканамісты, незалежна ад палітычнай арыентацыі. І «афрыканскія вакацыі» нашага вусатага вандроўніка маюць на мэце, вядома, паменшыць памер гэтай небяспекі. Матывацыя зразумелая, але перспектываў ніякіх.

Меркаванні
Падарожжы дылетанта
2023.12.15 16:09

«Пясок – дрэнная замена аўсу», а Зімбабвэ ніколі не зможа замяніць Беларусі Літву, не кажучы ўжо пра Польшчу ці Украіну. Сама ж Расея, відавочна, гніе. Кейсы Прыгожына і Іўлеевай павінны былі б існаваць выключна на старонках антыўтопіяў, а ніяк не ў рэальнасці. Але яны ёсць, і гэта трэба ўлічваць.

Хоць і тут можна знайсці сёе-тое станоўчае: сцэнар, у якім Пуцін падае свайму электарату на блюдзе Беларусь замест Украіны, так і застаецца пакуль нерэалізаваным.

Эканоміка

Здарыўся «адскок». Да ўзроўню 2021 года ўсё яшчэ не стае каля 1 %, але, як і меркавалася, некаторае паслякрызіснае аднаўленне адбылося. Раман Галоўчанка пакуль можа трохі падыхаць спакойна – ён застаецца ў сваім крэсле. І кошты ў эканоміцы, і даходы насельніцтва, і нават курс долара да беларускага рубля, якім насельніцтва прызвычаілася мераць стабільнасць, застаюцца ў крохкім балансе.

Плюс 42 капейкі за год (2,76 супраць 3,18), або 15 % дэвальвацыі пры афіцыйнай інфляцыі 5,5 % – гэта значна лепш за песімістычныя чаканні. І сур’ёзных нутраных праблемаў (за межамі занесеных да нас з усходу) не прадбачыцца. І тут бы пачаць развязваць застарэлыя праблемы – нястачу рабочых рук у эканоміцы або неэфектыўнасць буйных дзяржаўных інвестыцыйных праектаў, але развязваць іх ніхто і не збіраецца. І трэнд, кірунак «на стагнацыю» застаецца. За 10 апошніх гадоў эканоміка Кітаю дадала 80 %, Польшчы – 35 %. Беларусь? Фактычна нуль. І гэта ўжо дасягненне.

Што нам рыхтуе будучы год?

Ну а што далей? Калі дазволіць сабе некалькі адарвацца ад глебы, ад эканамічных паказнікаў і эмацыйных рэакцыяў (ад смутку да радасці) на «глупства і гадасці» ўладаў што ў Расеі, што ў Беларусі, то можна ўбачыць, як расколваецца свет.

І ў 1990-х, і ў 2000-х здавалася, што Расея цалкам здольная стацца часткай еўрапейскай цывілізацыі, што яна, хай і павольна, крыва, з запінкамі і паваротамі не туды, але ўсё ж такі рухаецца ў здаровым кірунку, то сёння можна з упэўненасцю сказаць: розум зазнаў паразу на ўсёй гэтай велізарнай тэрыторыі ад Смаленску да Петрапаўлаўску-Камчацкага. На некаторы час, вядома, але ад гэтага нам, хто пражывае нядоўгае чалавечае жыццё, зусім не лягчэй.

Адна шостая сушы адкалолася ад Еўропы, і яе нясе кудысьці ў бок Ірану і Венесуэлы. І да хіджабаў, жаночага абразання і расстрэлу ўсялякіх шкодных камерсантаў там вельмі і вельмі недалёка. Відавочным развязаннем гэтай праблемы для развітога свету будзе сцяна. Гэты сюжэт ужо здарыўся аднойчы, 70 гадоў таму, і на нашых вачах ён паўтараецца, і надыходны 2024-ы будзе годам паглыблення гэтага цывілізацыйнага разлому.

Бяда Беларусі ў тым, што мы застаёмся «з таго боку».

Аднак адрозненне сітуацыі ад ХХ стагоддзя ўсё ж такі ў ступені пранікальнасці новай жалезнай заслоны. Для людзей, грошай, тавараў. Найперш для інфармацыі. Беларусь – не Расея. Наш шлях у супольнасць адносна псіхічна здаровых краінаў значна бліжэйшы. Таму трэба працягваць падтрымліваць сувязь з кантынентам. Чым і зоймемся ў годзе, што няўхільна надыходзіць. Са святам!

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў