Адвага ўкраінскага народу і салідарнасць свету. Год «Белсату» ў фотаздымках


Кшыштаф Мілер, польскі вайсковы фотарэпарцёр, у сваёй кнізе «13 войнаў і адна. Праўдзівая гісторыя ваеннага рэпарцёра» піша: «Паштальён грукаецца двойчы. Фотакарэспандэнт – да выніку. А бурундзійскі жаўнер – ні разу. Кідае праз дзверы, акно ці фортку ручную гранату і чакае». Гэтая цытата амаль дакладна адлюстроўвае рэчаіснасць, з якой у 2022 годзе сутыкнуліся і мелі сабе радзіць фатографкі і фатографы «Белсату» падчас працы. Нашыя аўтары і аўтаркі былі ў Кіеве і Харкаве падчас бамбежак у лютым, працавалі ў такіх гарачых зонах, як Бахмут і Данецк, некалькі месяцаў сачылі за самым буйным гуманітарным крызісам ХХІ стагоддзя на мяжы Польшчы і Украіны, а таксама працягвалі дакументаваць важныя падзеі, якія датычылі жыцця беларускага народу ва ўсім свеце. Асабліва мы ўдзячныя чытачам, якія працягваюць дасылаць нам фотаздымкі з Беларусі. Гэта вельмі дапамагае рэдакцыі нават у эміграцыі не адрывацца ад беларускай рэчаіснасці. У гэтай фотападборы мы сабралі самыя яскравыя здымкі «Белсату» за 2022 год.

Доктар паказвае жанчыне ейнае дзіця, якое яна толькі што нарадзіла ў шпіталі Кіева. Ва ўкраінскай сталіцы за 300 дзён шырокамаштабнага ўварвання войскаў Расеі нарадзіліся 13 340 дзетак. Як падчас вайны ўкраінкі нараджаюць дзяцей у сутарэннях, глядзіце ў нашым фотарэпартажы.
Фота: Белсат
Медыкі хуткай дапамогі вядуць параненую жанчыну ў шпіталь, які размяшчаецца ў Бахмуце. Тры жыхары гораду Часаў Яр былі параненыя падчас абстрэлу расейскай арміяй. Сам Бахмут – месца, дзе апошнім часам трываюць адныя з найбольш жорсткіх і крывавых баёў. Фатограф «Белсату» паназіраў за тым, як працуе гарадскі шпіталь, куды штодня дастаўляюць параненых. Таксама атрымалася паразмаўляць з Аляксандрам Жылінковым – 40-гадовым камандзірам аддзялення пажарных ратавальнікаў 47-й Дзяржаўнай пажарна-выратавальнай часткі ў складзе Дзяржаўнай службы надзвычайных сітуацыяў Украіны (ДСНС). Ён жыве ў Бахмуце ад нараджэння, працаваў ратавальнікам яшчэ ў 2014 годзе, калі пачалася вайна на Данбасе. Ён распавёў,  як працуюць ратавальнікі ў горадзе.
Фота: Белсат
Людзі перапраўляюцца на другі бераг ракі ля вёскі Стары Салтаў у Харкаўскай вобласці. З 24 лютага Харкаўская вобласць Украіны значна пацярпела ад расейскіх войскаў праз баі за Харкаў і акупацыю шматлікіх паселішчаў, сярод якіх вызваленыя ўвосень Купянск і Ізюм. Як людзі з дэакупаваных тэрыторыяў вяртаюцца на Харкаўшчыну і спрабуюць падрыхтавацца да зімы, глядзіце ў нашым фотарэпартажы.
Фота: Белсат
У Расеі антываенныя пратэсты пачаліся адразу пасля ўварвання ва Украіну 24 лютага 2022 года. Улады дагэтуль здушаюць кожную праяву нязгоды ўсімі магчымымі спосабамі. У нядзелю, 27 лютага, на акцыях затрымалі больш за 2,4 тысячы чалавек у 49 гарадах па ўсёй краіне. Больш за ўсё затрымалі ў Маскве і Санкт-Пецярбурзе. Як гэта было ў сталіцы, глядзіце ў фотападборцы ад нашых калегаў з праекту Vot Tak TV
Фота: Vot Tak TV / Белсат
Бабуля размаўляе з унукам пасля цырымоніі пахавання ягонага бацькі ў кіеўскім крэматорыі.
Фота: Белсат
Валанцёры дапамагаюць на складзе з гуманітарнаю дапамогай, якую арганізавалі ўлады гораду Пшэмысьль. На складзе ёсць харчы, адзенне, гігіенічныя сродкі і нават корм для сабакаў. Сюды таксама сцякаецца дапамога ад мясцовых жыхароў і ўсіх неабыякавых людзей. Як Польшча прымае ўцекачоў, глядзіце ў нашым фотарэпартажы.
Фота: Белсат
Акция протеста возле посольства России в Польше
27 студзеня беларусы Варшавы зладзілі акцыю пратэсту супраць прысутнасці расейскіх войскаў у Беларусі і на мяжы з Украінай. Акцыя адбылася каля амбасады Расеі ў Польшчы. Каля 30 чалавек сталі ўздоўж ходніка з плакатамі і сцягамі ў руках – спінай да амбасады Расейскай Федэрацыі ў Польшчы. «Чаму так? Бо гэтым таксама выказваем сваё стаўленне. Калі кіраўнікі і дыпламаты расейскай дзяржавы павернуцца да нас тварам, то і мы да іх тварам павернемся», – сказаў адзін з удзельнікаў акцыі. Тут можна паглядзець і пачытаць наш рэпартаж з акцыі.
Фота: Kарына Пашко / Белсат
Пахаванне загінулых за незалежнасць Украіны салдатаў на могілках Яцава ў Чарнігаве. Клады моцна пашкоджаныя асбтрэламі расейскага войска.
Фота: Белсат
Вольга Батар нарадзілася ў Баранавічах, але ўжо 22 гады жыве ў польскім Любліне. Напачатку сакавіка яна напісала ў «Facebook’у», што прыме ў сваім доме дзесяць уцекачоў з Украіны, троху пазней вырашыла пасяліць у гаражы да дваццаці асобаў. У дзень, калі з Вольгай размаўляў карэспандэнт «Белсату», у доме жанчыны прытулак знайшлі ўжо 120 чалавек. Дзеці беларускі жывуць у суседзяў, а сама яна спіць у гатэлі.
Фота: Сельхуда / Белсат
Мужчына з торбамі ідзе па Камароўскім рынку ў Менску.
Фота: Белсат
Рэжысёр і актор Аляксандр Гарцуеў перад прэм’ерай спектаклю «Гусі-людзі-лебедзі» ў Любліне. Сцэнар напісаны паводле прызнанага ў Беларусі «экстрэмісцкім» твору Альгерда Бахарэвіча «Сабакі Еўропы». Аляксандр Гарцуеў паспрабаваў увасобіць на сцэне частку раману. У спектаклі ўдзельнічаюць епараўнальная Зоя Белахвосцік, Міхаіл Зуй без чыноўніцкага пінжака, легендарны Алег Гарбуз ды многія іншыя. Як гэта было, глядзіце і чытайце ў нашым рэпартажы.
Фота: Карына Пашко / Белсат
Рыхтаванне аднаго з коней Вольгі Сафронавай да заняткаў. Год таму Вольга была ў турботах і не магла ўявіць, у якім кірунку пойдзе яе далейшы жыццёвы шлях. Адразу пасля выбараў 2020-га яна зрабіла допіс наконт брудных дзеянняў улады супраць народу, пасля гэтага паспела выйсці замуж ды яшчэ і ў вясельнае падарожжа з’ездзіць. А калі падпісала ліст Свабоднага аб’яднання спартоўцаў, яе звольнілі з нацыянальнай зборнай. Цяпер Вольга жыве і трэнуецца ў Польшчы. Тут можна пачытаць размову журналіста «Белсату» з беларускай спартоўкай.
Фота: Карына Пашко / Белсат
Мітынг у Вільні, прысвечаны другой гадавіне выбараў у Беларусі. Тут можна пачытаць, як у той самы час праходзіў варшаўскі Марш годнасці. 
Фота: Белсат
3 ліпеня Беларусь адзначыла афіцыйны Дзень незалежнасці (ён жа – Дзень Рэспублікі). У гэты дзень у 1944 годзе саветы выгналі нацыстаў з Менску, але не з усёй Беларусі. Тут можна паглядзець фота ад нашых чытачоў са «святочнай атмасферай» у Менску.
Фота: Белсат
Баец батальёну Каліноўскага Аляксей з пазыўным Псіхолаг паехаў ваяваць за Украіну ў складзе палка «Азоў» у 2015 годзе, ва ўзросце 20 гадоў. У 2019 годзе маладзён атрымаў украінскае грамадзянства, у 2022-м, за месяц да вайны, ажаніўся. Беларус удзельнічаў у абароне Кіеўскай вобласці пад Бучай, дзе страціў нагу. Пасля пратэзавання баец працягвае працаваць у батальёне. «Белсат» пагутарыў з Аляксеем пра вайну, новае жыццё пасля траўмы, гатовасць ісці да канца, каб абараніць Украіну, а потым вызваліць Беларусь. 
Фота: Агата Квяткоўская / Белсат
У пятніцу, 5 жніўня, з Пакроўску ў Львоў адправіўся эвакуацыйны цягнік. На ім выехалі з Данецкай вобласці каля сотні пасажыраў. Карэспандэнт «Белсату» пагутарыў з людзьмі пра акалічнасці ад’езду. 
Фота: Сельхуда / Белсат
Міжрэгіянальны цэнтр прафесійна-тэхнічнай адукацыі ў Лвове з першых дзён вайны пачаў прымаць перасяленцаў і размяшчаць іх у інтэрнаце вучэльні. Тут жыве больш за сто асобаў, прымаюць усіх. Адзіная просьба да мужчынаў – зарэгістравацца ў мясцовай адміністрацыі і стаць у чаргу пры ваенкамаце. Дзе і як Львоў размяшчаў перасяленцаў з усей краіны ў першыя тыдні вайны, глядзіце ў нашым матэрыяле.
Фота: Яна Сідач / Белсат
28 кастрычніка ў Потсдаме аператарка «Белсату» Дар’я Чульцова атрымала ўзнагароду «Журналіст года» найбуйнейшага медыяфестывалю Еўропы «Prix Europa». Нашую каляжанку ўзнагародзілі разам з Кацярынай Андрэевай яшчэ год таму, але сваю статуэтку Даша атрымала толькі цяпер – праз два месяцы пасля вызвалення з-за кратаў. Фото: Ян Лісіцкі / Белсат
Мужчына гандлюе гароднінай на рынку ў Тбілісі. Журналісты «Белсату» параўналі, што прапаноўвае менская Камароўка, варшаўскі базар Шэмбэка, Кальварыйскі рынак у Вільні і рынкі ў Тбілісі. 
Фота: Андрэй Лапін / Белсат
Акруговы суд у польскай сталіцы разглядае справу аб экстрадыцыі ў Беларусь Сцяпана Пуцілы, заснавальніка тэлеграм-каналу «Nexta», які ўлады Беларусі абвясцілі экстрэмісцкім. Як адбывалася пасяджэнне, чытайце ў нашым рэпартажы.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат
У Мёрскім і Шаркаўшчынскім раёнах месціцца рэспубліканскі ландшафтны заказнік Ельня. Гэта комплекс балатоў і азёраў з багатай флорай і фаўнай, частка якіх занесеная ў Чырвоную кнігу Беларусі. Ахоўванай зонай тэрыторыя стала ў 1968 годзе, а мінімальнае ўздзеянне чалавека дазволіла захаваць натуральную прыгажосць месца. Прапаноўваем паглядзець на чароўную Ельню ў фотаздымках чытачкі «Белсату» і абавязкова запланаваць падарожжа ў гэтыя мясціны. 
Фота: чытачы / Белсат

Саша Альтэр belsat.eu

Стужка навінаў