«Адбывалася язідафобія». Як язіды ўцякалі ад пераследаў у Іраку і сутыкнуліся з ім у Беларусі


Адна з групаў мігрантаў, якія сёлета праз Беларусь спрабавалі трапіць у краіны Еўрапейскага Звязу, – язіды, нешматлікі народ з Блізкага Усходу. Пра лёс язідскіх уцекачоў у Беларусі ды іхныя дачненні з іншымі мігрантамі мы паразмаўлялі з адным з лідараў Сусветнага кангрэсу язідаў.

Хто такія язіды

Язідаў у свеце налічваюць не больш за 1,5 мільёна чалавек. З іх каля паловы жывуць у Іраку. Таксама ў пяцёрку краінаў паводле колькасці язідскага насельніцтва ўваходзяць Нямеччына (каля 200 тысячаў), Расея (40 тысячаў), Арменія і Бельгія (па 35 тысячаў).

Размаўляюць язіды на дыялекце курдскай мовы іранскай групы, якая, як і беларуская, адносіцца да сям’і індаеўрапейскіх моваў. Але язіды маюць істотнае адрозненне ад суседніх у разы больш шматлікіх народаў – як арабаў, так і курдаў. Калі тыя вызнаюць пераважна іслам, то ў язідаў – свая рэлігія: язідызм, карані якога даследнікі выводзяць ад старажытнапярсідскага зараастрызму. Ёсць у ім і сляды ўплыву хрысціянства ды юдаізму.

І хоць язіды вераць у адзінага Бога, мусульманскія крытыкі рэлігіі часта лічаць іх ледзь не сатаністамі. Гэта ў тым ліку стала адною з прычынаў генацыду язідаў у 2014 годзе тэрарыстычнай «Ісламскай дзяржавай». Ахвярамі, паводле розных звестак, сталіся 5000–10 000 чалавек. Яшчэ каля 7000 жанчын і дзяцей былі ўзятыя ў рабства і 450 000 язідаў сталіся ўцекачамі.

Колькі ўцекачоў застаецца ў Беларусі

Пра становішча язідскіх уцекачоў у Беларусі распавёў намеснік старшыні Сусветнага кангрэсу язідаў Худа Бакаян, які жыве ў Горадні ды апошнія тры месяцы наведвае лагер уцекачоў на беларускай мяжы.

Паводле словаў Бакаяна, у Беларусі на сёння налічваюцца 77 язідаў. З іх 47 застаюцца ў транспартава-лагістычныя цэнтры ў Брузгах. Усяго там – 660 асобаў, у асноўным гэта курды. Таксама частка курдаў – 100–150 чалавек – у іншых месцах Беларусі, Менску і Менскай вобласці.

«Але іх мала, бо большасць з’ехала», – адзначае Худа Бакаян.

Акрамя курдаў і язідаў, якія выехалі з Іраку, у ТЛЦ таксама ёсць чатыры асобы з Сірыі, шасцёра – з Ірану і яшчэ пяцёра – з краінаў Афрыкі.

Чаму прыязджаюць у Беларусь

Курды прыбылі з розных частак курдскай аўтаноміі: Эрбілю, Дагуку ды іншых гарадоў цэнтральнай часткі рэгіёну. З Сылемані ў Беларусь перабіраліся ў тым ліку прыхільнікі нябожчыка прэзідэнта Іраку Джаляля Талябані.

«У асноўным яны з ягонай партыі – Патрыятычнага саюзу», – адзначае Худа Бакаян.

«Курды кажуць, што ўцякалі ад рэжыму Барзані [лідараў Дэмакратычнай партыі Масуда і ягонага пляменніка Нэчырвана Барзані, якія ўзначальваюць Курдыстан з 2005 года. – Заўвага рэд. Belsat.eu]. Не ўсе там бедныя, як многія апісваюць. Ёсць вельмі заможныя людзі, яны паказваюць, якія ў іх былі дамы і праца. Але калі хтосьці супраць Барзані ідзе, то трапляе ў небяспеку. Многія ў турмах», – адзначыў суразмоўца.

Што датычыць язідаў, то яны прыбылі як з курдскай аўтаноміі, так і з Сінджарскай акругі, падуладнай цэнтральным уладам Іраку. Паводле Худа Бакаяна, пасля генацыду з боку «Даішу» гэтыя язіды ўжо восьмы год жывуць у намётавых лагерах.

«Яны з намётаў, з лагераў для ўцекачоў», – кажа ён.

Пры гэтым у Курдыстане яны зазнаюць уціску таксама праз нацыянальную ідэнтычнасць.

«Калі язід у Курдскай аўтаноміі сябе акрэсліць язідам, а не курдам, то як мінімум ён застанецца без сродкаў да існавання, а максімум будзе заключаны ў турму, калі ён занадта актыўны на грамадскай арэне. На сёння, паводле нашых звестак, 1500 язідаў застаюцца ў турмах курдскай аўтаноміі толькі праз тое, што яны сябе не лічаць этнічнымі курдамі. Курды пад вялікім ціскам прымушаюць язідаў прызнаваць сябе курдамі», – заявіў Худа Бакаян.

Ён таксама падазрае ўлады аўтаноміі ў датычнасці да генацыду. Худа Бакаян адзначыў, што ў 2014 годзе войскі курдскай аўтаноміі на падставе абароны язідскага насельніцтва спачатку раззброілі язідскіх апалчэнцаў у Сінджарскай акрузе, дзе тады жылі больш за 90 % язідаў, а затым 2 жніўня пакінулі тэрыторыю акругі, забраўшы ўсё ўзбраенне. Калі 4 жніўня на язідаў напаў «Даіш», тыя засталіся сам-насам з ісламістамі.

«Такіх супадзенняў быць проста не можа. Яны ўчынілі змову з «Даіш», – падкрэсліў прадстаўнік язідскай дыяспары.

Ціск у Брузгах

Напружанне паміж курдамі ды язідамі захоўвалася і ў Беларусі. Як кажа Худа Бакаян, былі нават спробы «гвалтоўным чынам дамагчыся язідскіх дзяўчат».

«У стыхійным лагеры ў лесе, куды я асабіста і Чырвоны Крыж перадавалі харчы язідам, яны скардзіліся мне, што пяць дзён нічога не елі, бо курдскія лідары кармілі курдаў. І калі штосьці заставалася, толькі тады кармілі язідаў. Адбывалася язідафобія», – адзначыў Худа Бакаян.

Падчас візіту Аляксандра Лукашэнкі ў ТЛЦ у Брузгах удалося апазнаць курдскага лідара.

«Ён не даваў язідам нават асабістых пытанняў задаваць. Ён сказаў, што язідаў як нацыі, як народу няма. Пры гэтым ён у сваім выступе казаў дрэнна пра Барзані і хваліў Садама Хусэйна. Для мяне гэта незразумела было зусім [Хусэйн праводзіў генацыд курдскага насельніцтва Іраку. – Заўвага рэд. Belsat.eu]. Але ў выніку яго сёння тут няма. Ён ці добраахвотна [пакінуў Беларусь. – Заўвага рэд. Belsat.eu], ці яго дэпартавалі», – распавёў Худа Бакаян.

Паводле Бакаяна, гэты курдская лідар «быў вялікім правакатарам, сам сябе прызначыў, і яго чамусьці людзі баяліся».

«Я яму казаў: «Ты ўцёк ад рэжыму Барзані і тое самае тут чыніш. Якая розніца паміж табой і Барзані? Барзані прыгнятае язідаў там, а ты – тут», – адзначыў намеснік старшыні Сусветнага кангрэсу язідаў.

«Спецслужбы будуць імі займацца»

Паводле Худа Бакаяна, язіды вельмі не хочуць вяртацца ў Ірак, бо гэта небяспечна для жыцця. І калі Еўразвяз іх не прыме, гатовыя застацца ў Беларусі, бо «тут мы ў большай бяспецы, нашаму жыццю нішто не пагражае».

Язідскія ўцекачы баяцца, што іх вернуць у курдскую аўтаномію, улады якой яны актыўна крытыкавалі ў розных інтэрв’ю.

«Людзі баяцца, што іх пасадзяць. Што спецслужбы будуць імі займацца. Як некаторыя кажуць, могуць у цёмным месцы застрэліць, і ніхто нічога не будзе ведаць», – адзначыў Худа Бакаян.

Паводле яго, некаторыя язіды ўжо падалі заявы на атрыманне статусу ўцекача ў Беларусі і чакаюць пастановы.

«Хутчэй за ўсё, язіды яго атрымаюць, бо іхнае становішча ў курдскай аўтаноміі катастрафічнае», – заявіў Худа Бакаян.

Таксама па статус уцекача звярнуліся тры арабкі з Сірыі.

Што датычыць тых язідаў, якія вярнуліся ў Ірак, то яны стараліся трапіць не ў Курдыстан, а ў Багдад або Сінджарскую акругу. З дзевяці язідаў, якія ўсё ж вярнуліся ў курдскую аўтаномію, трое былі затрыманыя мясцовымі спецслужбамі. Але іх удалося вызваліць і вывезці ў Сінджарскую акругу.

МГ, belsat.eu

Стужка навінаў