У Жлобіне чальца стачкаму БМЗ пакаралі 2,5 гадамі калоніі


У судзе Жлобінскага раёну 30 кастрычніка вынесены прысуд палітзняволенаму Аляксею Аўдзееву, якога абвінавацілі ў «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўным удзеле ў іх»(ч. 1 арт. 342 КК). Пра гэта паведамляюць праваабаронцы.

Аляксей Аўдзееў.
Фота: spring96.org

Суддзя Святлана Рубахава пастанавіла пакараць Аляксея пазбаўленнем волі ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму тэрмінам на 2,5 года.

Палітвязня пераследуюць за ўдзел 9 жніўня 2020 года ў мірнай акцыі пратэсту супраць вынікаў выбараў і працу ў стачкаме на БМЗ.

«Гомельская Вясна» адзначае, што апошнім часам практыка вынясення судовых пакаранняў паводле ч. 1 арт. 342 палягае ў тым, што большасць асуджаных у Жлобіне атрымлівалі абмежаванне волі без накіравання ва ўстановы адкрытага тыпу. Аднак да справы Аляксея Аўдзеева ўлады паставіліся вельмі жорстка.

Аўдзеева затрымалі 15 жніўня 2023 года. Пасля праведзеных ператрусаў, у яго і ў доме бацькоў, Аляксея змясцілі ў ІЧУ Жлобіна. 21 жніўня яго этапавалі ў СІЗА-3 Гомля.

Вядома, што Аляксей актыўна валанцёрыў падчас эпідэміі ковіду, адным з першых пайшоў страйкаваць пасля выбараў 2020 года. У вольны час трэнаваў падлеткаў, якія цікавіліся мотаспортам і гонкамі па перасечанай мясцовасці, уласнаручна збіраў для сябе матацыкл.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў