Крыніцы «Белсату» паведамляюць, што за апошнія гадзіны на ўскраінах Менску можна было пачуць некалькі магутных выбухаў.
Усяго было не менш за 3-4 магутных выбухі з вялікімі інтэрваламі. Ад выбуховай хвалі ў дамах затрэслася шкло.
«Ніхто не ведае, што выбухнула і дзе канкрэтна. Можна толькі ўпэўнена сказаць, што гук даносіцца з-за межаў Менску. Дыму ці агню ў нас не бачна, але выбухі чуваць добра», – кажа суразмоўца «Белсату».
Паводле звестак «Еўрарадыё», выбухі адбываліся ў Калодзішчах, што пад Менскам. «Мне здаецца, што і дом уздрыгнуў, і гук вельмі моцны», – піша ў чаце мясцовая, якая жыве на «Камчатцы». Гэта частка Калодзішчаў паблізу вайсковага палігона.
«Я не чула гук, але калыхнула. І дзверы забразгалі», – сцвярджае іншая.
Калодзішчы – вялікі чыгуначны вузел, праз які часта ідзе вайсковая тэхніка.
Пазней у прэс-службе Міністэрства абароны ўдакладнілі, што на навучальным палігоне паблізу населенага пункта Вялікі Трасцянец 31 кастрычніка праводзяцца заняткі з вайскоўцамі інжынерных падраздзяленняў па падрыўной справе, перадае БелТА.
У ваенным ведамстве адзначылі, што мерапрыемствы маюць планавы характар.
Глеб Нержын belsat.eu