«Бачыў, як страляюць па людзях, зразумеў, што абавязаны выйсці». Сірата Ілля Ягораў чакае «хімію»


Ілля Ягораў выйшаў мінулаю восенню на пратэст, за што супраць 20-гадовага хлопца пачалі адразу дзве крымінальныя справы, а пазней засудзілі на 2,5 года «хіміі». Большаю частку гэтай вясны і ўсё лета хлопец правёў у берасцейскім СІЗА № 7. Ён стаў фігурантам знакамітай «карагоднай справы». Цяпер хлопца чакае паездка на «хімію». Ілля – сірата, выхоўваўся ў інтэрнаце ў Кобрыне. Мы паразмаўлялі з адважным маладзёнам.

«Чаму выйшаў на пратэст? Ды таму, што бачыў, як страляюць па людзях і збіваюць наш народ. Я зразумеў, што я проста абавязаны выйсці і падтрымаць нашых людзей, маю краіну», – кажа ў размове з «Белсатам» Ілля Ягораў.

На хлопца завялі адразу дзве крымінальныя справы: паводле арт. 342 («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх») і ч. 2 арт. 339 («Хуліганства, учыненае групай асобаў»). Іллю затрымалі 24 сакавіка.

Ілля Ягораў чакае паездкі на «хімію». Фота з асабістага архіву

«Хто затрымліваў, не ведаю да сёння. Стаялі каля прыпынку каля майго дому ў цывільным, і машына таксама цывільная. Я ішоў на аўтобус, і мяне проста заламалі ды потым на адну секунду паказалі ксіву. Я не ўбачыў, а калі папрасіў назвацца, яны сказалі звяртацца да іх «таварыш міліцыянт». Завезлі ў аддзяленне, але ніхто не збіваў, проста паказалі відэа, дзе я трапіў у кадр, і сказалі, што дамоў я не вярнуся. Далі адзін званок, і я папрасіў рэчы перадаць», – згадвае тыя падзеі Ілля.

Гэтак хлопец аказаўся ў СІЗА, дзе заставаўся да 30 жніўня.

«У СІЗА першы час было вельмі цяжка маральна. У кожнай камеры не менш за 3 палітычныя вязні. Запомнілася, як мы ў дворыку крычалі «Лукашэнку – у аўтазак!», і нас падтрымалі многія, было чуваць, як іншыя таксама крычалі. Не скажу, што стаўленне ў СІЗА было дрэннае: мяне не збівалі, але маглі абразіць. Самае дрэннае – гэта медыцына, ім рэальна пляваць на нашае здароўе. Калі я трапіў у склеп, то пабачыў, што там поўная антысанітарыя, вырашыў чарговы раз пагаліць галаву. І трохі парэзаў патыліцу. Рана пачала моцна гніць і разрастацца, я цэлы тыдзень спрабаваў дастукацца да дактароў па дапамогу. Спачатку мне давалі толькі ёд, але ён не дапамагаў. Тады знайшлі борную кіслату, мне стала лепей», – згадвае Ягораў.

Hавiны
«Карагодная справа» – адна з самых вялікіх палітычных справаў у Беларусі. Што трэба пра яе ведаць
2021.04.02 08:45

Ілля кажа, што не браў удзелу ў карагодзе, які быў у Берасці 13 верасня, а проста стаяў на праязной частцы, але следчым было ўсё роўна:

«Мяне абвінавацілі ў тым, што я груба парушаў грамадскі парадак, а пасля майго затрымання мне дадалі яшчэ адзін артыкул, быццам я на жылым доме намаляваў пару сцягоў і напісаў «Жыве Беларусь!».

У выніку суддзя Ленінскага раёну Берасця Дзмітрый Куроўскі прызначыў Ягораву 2,5 года «хіміі».

«Суд праходзіў смешна, не думаў, што такое магчыма. Але гэта рэальна паказуха: усе факты і довады не мелі нічога агульнага з тым, што мы зрабілі. Нашая група ў «карагоднай справе» была ўжо не першая, таму яны ўсё зрабілі паводле звыклага сцэнара. Рашэнне суда я ўспрыняў спакойна, бо ўсведамляў, што пасадзяць, але мне пашанцавала, і я трапіў на «хімію», – адзначае маладзён.

Акцыя пратэсту 13 верасня ў Берасці, пасля якой распачалася «карагодная справа». Скрыншот з відэа МУСа

Калі і куды Іллю накіруюць, ён не ведае, прысуд не ўступіў у законную моц. Маладзён чакае, пакуль ягоную справу разгледзяць у абласным судзе: праз хваробу суддзі працэс перанеслі на нявызначаны тэрмін. Тым не менш Ілля рыхтуецца адбываць пакаранне:

«Максімальна ўцяпляюся, з працаю цяпер праблемы: як я падрыхтуюся да «хіміі» з харчамі і ў фінансавым плане, пакуль не ведаю. Папрасіў дапамогі, і мне дапамагаюць. Спадзяюся, выцягну першы час».

Hавiны
Віктар Клімус: Берасцейскі карагод быў пікавым момантам, кульмінацыяй, тады людзі яшчэ былі гатовыя павышаць стаўкі
2021.09.15 18:39

Хлопец верыць, што ўсё скончыцца перамогаю народу і што так доўга быць не можа:

«Чакаю пераменаў і змены ўлады ў наш бок, чакаю, калі гэтае бязмежжа скончыцца. Я стаміўся баяцца».

Маладзён захапляецца спортам, працаваў у будаўнічым трэсце № 8 цесляром-бетоншчыкам, але пасля таго як выйшаў з СІЗА, яго звольнілі нібыта за прагулы.

Іллю Ягораву можна дапамагчы:

9112 3800 0948 7150

09/26

INSTANT CARD

«Беларусбанк»

АЛ, belsat.eu

Стужка навінаў