Сышла эпоха. За няпоўныя чатыры месяцы не стала Шушкевіча, Краўчука, Бурбуліса і Гарбачова

2022 год стаў годам, калі памерлі адразу некалькі асобаў, якія непасрэдна ўдзельнічалі ў распадзе Савецкага Саюзу і займалі ў ім даволі высокія пасады.

Леанід Краўчук (2 злева), Станіслаў Шушкевіч (3 злева), Барыс Ельцын (2 справа) і Генадзь Бурбуліс (1 справа) падчас падпісання Белавежскіх пагадненняў. 8 снежня 1991 года. Фота: AFP / East News

30 жніўня стала вядома пра смерць Міхаіла Гарбачова – апошняга генеральнага сакратара ЦК КПСС, апошняга старшыні Прэзідыуму Вярхоўнага Савету СССР, а таксама першага і адзінага прэзідэнта СССР, які сышоў у адстаўку 25 снежня 1991 года.

Але сёлета таксама памерлі трое з шасці падпісантаў Белавежскіх пагадненняў, якія паклалі канец Савецкаму Саюзу. 3 траўня адышоў у іншы свет апошні старшыня Вярхоўнага Савету БССР і першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч.

«Трэба споўніць яго мару аб дэмакратычнай Беларусі». Вянок памяці Станіслава Шушкевіча

Праз тыдзень не стала і Леаніда Краўчука – апошняга кіраўніка ВС Украінскай ССР і першага прэзідэнта незалежнай Украіны.

А 19 чэрвеня памёр і трэці падпісант Белавежскіх пагадненняў Генадзь Бурбуліс – першы віцэ-прэм’ер РСФСР.

«Сімвалічна, што акурат у 2022 годзе, калі імперыя ўступіла ў сваё новае, нашмат больш крывавае кола распаду, так масава сыходзяць з гэтага свету, адзін за адным, ключавыя фігуры той эпохі – Шушкевіч, Краўчук, Бурбуліс. Цяпер вось і Гарбачоў. Сапраўды іншыя часы настаюць, зусім іншыя», – напісаў у Facebook беларускі гісторык Алесь Пашкевіч.

З шасці кіраўнікоў, чые подпісы стаяць пад гістарычным дакументам пра спыненне існавання СССР, жывы на сёння застаўся толькі Вітольд Фокін – былы прэм’ер-міністр Украіны. Былы беларускі прэм’ер Вячаслаў Кебіч памёр у 2020 годзе, а першы прэзідэнт Расеі Барыс Ельцын – у 2007-м.

Але смерці трох апошніх кіраўнікоў савецкіх Беларусі, Расеі і Украіны і апошняга кіраўніка СССР таксама не адзіныя сярод вярхушкі савецкай наменклатуры сёлета. Напрыклад, 31 ліпеня не стала апошняга кіраўніка КДБ СССР Вадзіма Бакаціна.

А ў Беларусі за сем месяцаў памерлі ажно тры апошнія кіраўнікі Кампартыі БССР: 19 студзеня – Анатоль Малафееў (узначальваў у 1990–1991 гадах), 3 красавіка – Яфрэм Сакалоў (у 1987–1990) і 9 жніўня – Мікалай Слюнькоў (у 1983–1987).

Падтрымаў путч ГКЧП і пераварот 1996 года. Памёр апошні кіраўнік Кампартыі БССР Малафееў

Макар Мыш belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны