Новыя палітвязні і арышт 75-гадовага актывіста. Хроніка рэпрэсіяў 31 ліпеня


Праваабарончы цэнтр «Вясна» дадаў 14 прозвішчаў у пералік палітвязняў. У спісе цяпер 1 448 асобаў. «Белсат» падрыхтаваў чарговую справаздачу пра палітычны пераслед у Беларусі.

Исправительная колония № 3, Витьба, Беларусь
Папраўчая калонія № 3. Віцьба, Беларусь. Ліпень 2022 года.
Фота: Акім Крумкач / Белсат

У Беларусі цяпер 1 448 палітвязняў. У пералік дадалі 14 асобаў: Віталь, Настасся, Уладзіслаў і Вольга Вайцяховічы, Вольга Пятух, Уладзімір Савянкоў, Сяргей Сакалоў, Мікалай Рой, Уладзімір Адзінец, Кірыл Кузняцоў, Яўген Чуміла, Аляксей Прохараў, Сяргей Гуня, Канстанцін Прытуленка.

Вярхоўны суд разгледзеў некалькі скаргаў на прысуды, якія не былі задаволеныя. Суддзя Ігар Любавіцкі пакінуў без зменаў вырак галоўнай рэдактарцы TUT.ВY Марыне Золатавай і генеральнай дырэктарцы Людміле Чэкінай. У сакавіку суддзя Менскага гарадскога суда Зянькевіч Валянціна прызначыла ім 12 гадоў калоніі.

Людміла Чэкіна і Марына Золатава ў судзе. Фота: belta.by
Людміла Чэкіна і Марына Золатава ў судзе.
Фота: belta.by

Суддзя Вярхоўнага суда Уладзімір Чаравач адхіліў скаргу Валерыі Касцюговай і пакінуў прысуд у сіле – 10 гадоў калоніі агульнага рэжыму. Неўзабаве экспертку этапуюць у гомельскую калонію.

Як кажуць родныя і сваякі спадарыні Валерыі, яна не спадзявалася на станоўчае рашэнне, а скаргу падавала дзеля таго, каб прадэманстраваць сваю нязгоду з прысудам.

Hавiны
Вярхоўны Суд адхіліў скаргу Валерыі Касцюговай на вырак 10 гадоў калоніі
2023.07.31 16:44

75-гадовага віцебскага актывіста Барыса Хамайду арыштавалі на 15 содняў. Пра гэтае рашэнне суда Верхнядзвінскага раёну паведаміла «Наша ніва». У якім «злачынстве» абвінавацілі мужчыну, пакуль не вядома. Хамайду затрымалі 28 ліпеня на чыгуначнай станцыі Бігосава. Прычынаю стала вокладка з Пагоняю, якая трапілася на вочы памежнікам падчас правярання пашпартоў у электрычцы.

Віцебскі актывіст Барыс Хамайда.
Фота: Белсат

Палітвязня Аляксея Кудасава, які адбывае 11-гадовы тэрмін, зноў будуць судзіць. Працэс пачнецца 3 жніўня ў Гомельскім абласным судзе і пройдзе ў закрытым рэжыме. Суддзя – Вадзім Бобыраў.

На Кудасава завялі крымінальную справу паводле артыкула аб паўторным стварэнні экстрэмісцкага фармавання.

Палітвязень Аляксей Кудасаў.
Фота: «Вясна» / Telegram

Грамадскую актывістку з Верхнядзвінска Валянціну Болбат пасадзілі ў ізалятар адбываць арышт у 30 содняў. Міліцыянты забралі яе з хаты сёння раніцою. Гэты арышт быў прызначаны яшчэ ў красавіку, але тады Болбат зрабілася блага, здарыўся гіпертанічны крыз. Два тыдня яна правяла ў лякарні. Актывістку асудзілі за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» і «парушэнне парадку арганізацыі публічнай акцыі».

Актывістка Валянціна Болбат.
Фота: «Вясна» / Telegram

У Гомлі на 25 содняў арыштавалі слесара заводу ліцця і нармаляў Віталя Сваткоўскага. Яго асудзілі ўа «распаўсюд нацысцкай сімволікі і экстрэмісцкай інфармацыі». Нагодаю сталі лайкі ў «Одноклассниках».

Мужчыну затрымлівалі супрацоўнікі ГУБАЗіКу. Шыю прыдушылі каленам і пыталі, якога колеру беларускі сцяг. Відэа з «прызнаннямі» слесара апублікавалі ў Telegram-канале заводу. Мужчыну ўжо звольнілі.

Падчас іншага затрымання супрацоўнікі ГУБАЗіКу прымусілі хлопца высмаркацца ў бел-чырвона-белы сцяг і сцяг ЗША. На «пакаяльным» відэа затрыманы «прызнаўся», што сядзіць у «тэрарыстычных чатах» і «жадае зла Беларусі».

У Гомлі сілавікі затрымалі найменей 9 асобаў. На «пакаяльным» відэа яны кажуць, што прыцягнулі ўвагу падпіскамі ў сацыяльных сетках і мэсэнджарах. Адзін з мужчын распавёў, што ў ягоным тэлефоне знайшлі чат-бот плана «Перамога» і перапіску ў ім.

7 жніўня ў Менскім гарадскім судзе пачнецца разгляд справы 68-гадовай пенсіянеркі Наталлі Пятровіч. Яе абвінавацілі паводле пяці артыкулаў за каментары ў інтэрнэце: «абраза Лукашэнкі», «распальванне варожасці», «удзел у экстрэмісцкім фармаванні», «абраза прадстаўніка ўлады» і «заклікі да санкцыяў».

Працэс будзе весці суддзя Вера Галаўкова.

А 16 жніўня ў Менскім гарадскім судзе распачнецца працэс супраць былога галоўнага лекара санаторыя «Беларусь» у Літве Андрэя Кобеля. Яго абвінавачваюць у «здрадзе дзяржаве». Справу разгледзіць суддзя Алена Ананіч.

Палітзняволеную актывістку Алену Гнаўк перавялі ў жаночую калонію ў Зарэччы. Там таксама ўтрымліваюцца Вікторыя Кульша і Паліна Шарэнда-Панасюк, на якіх жорстка цісне адміністрацыя.

У красавіку Гнаўк асудзілі на 1 год за «злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі». Гэта была ўжо трэцяя крымінальная справа супраць актывісткі.

Алена Гнаўк.
Фота: belsat.eu

З магілёўскай калоніі вызвалілі палітвязня Аляксея Губіча. Ён цалкам дабыў тэрмін у 3 гады. Такі тэрмін інжынеру прызначылі за «гвалт у дачыненні супрацоўніка міліцыі».

Аляксей Губіч у залі суда. Жыхару Гомля прысудзілі тры гады калоніі нібыта за гвалт над міліцыянтам. 4 лютага 2021.
Фота: Радыё Свабода

Лукашэнка прызначыў трох новых суддзяў Вярхоўнага суда: Алену Рудніцкую, Максіма Філатава і Руслана Царука. Усе яны выносілі прысуды ў справах, што прызнаныя праваабаронцамі палітычна матываванымі.

Рудніцкая судзіла ўдзельнікаў пратэстаў 2010 года, разглядала справу адлічанага з БДУ лідара «Моладзі БНФ» Юрася Лукашэвіча, пасля выбараў 2020 года вяла працэс, падчас якога зліквідавалі клуб плавання Аляксандры Герасімені.

Філатаў прызначыў 5 гадоў калоніі актывісту Вітольду Ашурку, які памёр у калоніі, таксама судзіў фігурантаў «справы Аўтуховіча», журналіста Паўла Мажэйку і адвакатку Юлію Юргілевіч. «Вясна» адзначае, што за няпоўныя тры гады рэпрэсіяў у Беларусі Філатаў, які знаходзіцца пад санкцыямі ЕЗ, «вырас» з суддзі суда Лідскага раёну да суддзі Вярхоўнага суда.

Царук пасадзіў на 3 гады гамяльчанку Анастасію Петрачэнку за данат палку Каліноўскага, выносіў прысуды за каментары ў сацсетках, у «справе Зельцара» і за фатаграфаванне расейскай вайсковай тэхнікі на тэрыторыі Беларусі.

Hавiны
Затрыманні на падставе фільму аб пратэстах 2020 года. Хроніка рэпрэсіяў 28 ліпеня
2023.07.28 23:48

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў