Украіна эвакуюе з Данецкай вобласці больш за 200 тысяч чалавек


З Данецкай вобласці ў абавязковым парадку будуць эвакуяваныя ад 200 да 220 тысяч мясцовых жыхароў, паведаміла міністарка ў пытаннях рэінтэграцыі часова акупаваных тэрыторыяў Украіны, кіраўнічка каардынацыйнага штабу эвакуацыі жыхароў Данеччыны Ірына Верашчук у каментары тэлеканалу ICTV.

Данецкая вобласць, Украіна.
Фота: kanaldom.tv

Сярод прычынаў эвакуацыі – падрыхтоўка да ацяпляльнага сезону і поўная адсутнасць газавага забеспячэння ў Данецкай вобласці.

«Усе газаправоды, якія можна было адрамантаваць, – адрамантаваныя, але вораг зноў і зноў знішчае ўсё, што дапамагло б абагрэць людзей зімой. Таксама няма належнага электразабеспячэння. Адным словам: цяпла ў Данецкай вобласці ўзімку не будзе. Другая прычына – абстрэлы, якія толькі ўзмацняюцца», – патлумачыла Верашчук.

Жыхароў Данеччыны ў больш бяспечныя рэгіёны будзе эвакуяваць адмысловы штаб. Ірына Верашчук назвала выезд з вобласці «абавязкам кожнага дарослага».

«У Данецкай вобласці 52 тысячы нашых дзяцей. Іх трэба эвакуяваць і нельга падвяргаць смяротнай небяспецы, пакідаючы ў зімовы перыяд без цяпла і святла, без магчымасці сагрэць», – зазначыла міністарка.

Аналітыка
Крэмль усё часцей выкарыстоўвае «Газпром» у вайне з Украінай і Еўропай
2022.07.26 19:28

Эвакуяваным выплацяць грашовую дапамогу.

Для тых, хто прынцыпова не захоча выязджаць, распрацаваная адмысловая форма адмовы ад эвакуацыі, якую трэба будзе запоўніць.

«Калі чалавек адмаўляецца выязджаць, яму неабходна будзе падпісаць, што ён разумее і ўсведамляе персанальную адказнасць за сваё жыццё. Мы дэмакратычная краіна, мы не можам нікога прымушаць эвакуявацца», – падкрэсліла Ірына Верашчук.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў