Расея абвінаваціла ЗСУ ў абстрэле штабу Чарнаморскага флоту, Украіна абвяргае сваю датычнасць


Раніцай 31 ліпеня кіраўнік анексаванага Расеяй Севастопалю Міхаіл Разважаеў заявіў пра абстрэл з дрона штабу Чарнаморскага флоту, падчас якога былі параненыя 5 чалавек. Пазней з’явілася інфармацыя пра нібыта 6 пацярпелых. Паводле расейцаў, дрон належаў ЗСУ. Украіна абвяргае сваю датычнасць і называе інцыдэнт правакацыяй.

Кіраўнік анексаванага Севастопалю Міхаіл Разважаеў на месцы імавернага абстрэлу з дрона штабу Чарнаморскага флоту.
Фота: bbbreaking/Telegram

«У двор штабу флоту прыляцеў неапазнаны аб’ект, паводле папярэдніх звестак, гэта беспілотнік. 5 чалавек параненыя, гэта супрацоўнікі штабу флоту, загінулых няма. Дапамога ўсім аказаная. Працуе ФСБ, абставіны высвятляюцца», – напісаў у сваім тэлеграм-канале Разважаеў і ўсклаў адказнасць за напад на ўкраінскіх вайскоўцаў.

Пазней расейскія медыі паведамілі са спасылкаю на прэс-службу флоту, што беспілотнік быў самаробны і на ім была самаробная выбуховая прылада.

Hавiны
«Акт публічнай кары». Полк «Азоў» выступіў з афіцыйнай заявай наконт загінулых у Аленаўцы
2022.07.30 20:58

31 ліпеня ў Севастопалі планаваліся святочныя мерапрыемствы ў гонар дня ВМФ, цяпер яны ўсе адмененыя.

Удзень 31 ліпеня сенатарка ад анексаванага Крыму Вольга Кавіцідзі заявіла, што напад на штаб Чарнаморскага флоту ў Севастопалі «быў здзейснены не звонку, а з тэрыторыі Севастопалю». Паводле сенатаркі, «ідуць аператыўна-вышуковыя працы па пошуку арганізатараў гэтага тэракту, да вечара яны будуць знойдзеныя».

Спікер Адэскай адміністрацыі Сяргей Братчук назваў заявы расейцаў «адкрытай правакацыяй».

«Паведамленне пра нібыта ўкраінскую атаку на штаб Чарнаморскага флоту ў Севастопалі – адкрытая правакацыя. Вызваленне нашага Крыму ад акупантаў будзе адбывацца не так, і нашмат больш эфектыўна. Усяму свой час. Вытрымкі ўсім нам і мужнасці», – заявіў Братчук.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў