Украіна можа дапамагчы зрынуць рэжым Лукашэнкі? Меркаванні экспертаў


Польскі генерал Вальдэмар Скшыпчак, вядомы сваёй заявай пра тое, што Польшча павінна рыхтавацца да таго, каб падтрымаць беларусаў у выпадку іх узброенага паўстання супраць дыктатарскага рэжыму Лукашэнкі, зрабіў яшчэ адну заяву ў інтэрв’ю «Радыё Свабода». Ён адзначыў, што, калі раптам у Беларусі пачнецца ўзброены канфлікт і Расея, як абяцала, дапаможа «братняму народу» і ўвядзе свае войскі, то для Украіны гэта будзе шанец. Папрасілі пракаментаваць экспертаў словы польскага генерала.

Тлумачэнне польскага генерала

Паводле Вальдэмара Скшыпчака, калі Расея ў выпадку ўзброенага паўстання ўвядзе свае войскі на тэрыторыю Беларусі, як пра гэта заявіў прэс-сакратар расейскага прэзідэнта Дзмітрый Пяскоў, то гэта дасць магчымасць Украіне здабыць перамогу. Гэта, на думку генерала, звязана з тым, што «расейская армія моцна пабітая, у яе свае клопаты і няма патэнцыялу». Калі Уладзімір Пуцін захоча выслаць частку арміі ў Беларусь, адзначае Скшыпчак, то «ён будзе вымушаны забраць гэтыя войскі з фронту», і, у сваю чаргу, «калі расейцы аслабяць свае войскі ва Украіне, то ўкраінцы гэта выкарыстаюць, і тады Расея будзе вымушаная пакінуць Украіну». Паводле польскага генерала, расейцы будуць вымушаны выбіраць: Украіна ці Беларусь. «Выбар у Пуціна невялікі», – адзначыў польскі генерал.

Мы вырашылі спытаць у экспертаў, наколькі слушныя словы Вальдэмара Скшыпчака, ці сапраўды магчыма ўзнікненне падобнага канфлікту на тэрыторыі Беларусі, а таксама ці зацікаўлена Украіна ў яго ўзнікненні?

Магчымасць узброенага паўстання – пытанне №1

Палітычны аглядальнік @pozirkonline Аляксандр Класкоўскі лічыць, што ў першую чаргу трэба атрымаць адказ на пытанне, у якіх умовах можа ўзнікнуць узброены канфлікт на тэрыторыі Беларусі. Бо астатнія развагі будуць хіба следствам такога гіпатэтычнага развіцця падзей. На яго думку, перадумоваў для паўстання ў Беларусі сёння няма. Бо, нягледзячы на тое, што рэжым трымаецца на сілавых метадах, рэпрэсіі даюць свой плён, і ў грамадстве ёсць вялікі ўзровень страху. Акрамя таго, удасканальваюць свае метады працы і лукашэнкаўскія сілавікі, якія зрабілі высновы з падзеяў 2020 года.

«Партызанскі марш». Менск, Беларусь. 18 кастрычніка 2020 года.
Фота: Белсат

Пры гэтым галоўнае пытанне, якое трэба задаць: якой будзе мэта гэтага паўстання? У 2020 годзе – мэтай было пытанне перагляду вынікаў выбараў. А якая мэта зараз, пытаецца палітычны аналітык? Па-першае, адзначае Аляксандр Класкоўскі, зараз няма саміх выбараў. Па-другое, калі б яны і былі, то людзі ўжо не вераць, што можна проста мірным выхадам на вуліцы нешта вырашыць. Застаецца толькі ўзброены сцэнар, які становіцца ўсё больш папулярным. Але для яго рэалізацыі трэба зброя і дастатковая колькасць людзей, гатовых гэтую зброю ўжываць. Да іх можна аднесці толькі тыя сілы, якія знаходзяцца па-за межамі Беларусі: полк Каліноўскага, харугвы, план «Перамога». Але полк Каліноўскага з’яўляецца часткай ЗСУ, і наўрад ці ўкраінскае камандаванне гатовае на сённяшні дзень высылаць іх у Беларусь, а два другія хутчэй можна ахарактарызаваць як «ката ў мяху».

«Карацей кажучы, няма гэтага збегу акалічнасцяў, якія маглі б выклікаць такое паўстанне. Гэта можа адбыцца ў нейкай форс-мажорнай сітуацыі, калі збягуцца адразу цэлы шэраг неспрыяльных чыннікаў: смерць Аляксандра Лукашэнкі, параза Расеі ў вайне, калі ў Беларусі адчуюць, што для Крамля праблематычна кінуць свае войскі на дапамогу Беларусі. То бок спачатку павінна быць нейкая сакрушальная параза Расеі на франтах ва Украіне, а потым можна гаварыць ужо пра магчымасць узброенага паўстання на тэрыторыі Беларусі, а не наадварот», – падсумоўвае Аляксандр Класкоўскі.

Ці зацікаўлена Украіна ва ўзнікненні канфлікту ў Беларусі?

Чыста тэарэтычна падзенне рэжыму Лукашэнкі – у інтарэсах Украіны, лічыць Аляксандр Класкоўскі. Бо рэжым – гэта суагрэсар, які дапамагае Крамлю. Але ж бачна, што Кіеў на сёння трымаецца курсу realpolitik і вядзе вельмі прагматычную лінію. Нават нягледзячы на апошнія карэктывы ў паводзінах з дэмакратычнымі сіламі Беларусі кшталту паціскання рукі Святлане Ціханоўскай ці заяваў пра тое, што 70% беларусаў выступаюць супраць Расеі.

Тым не менш, на думку Аляксандра Класкоўскага, Кіеў лічыць за лепшае трымаць сініцу ў руцэ: там бачаць, што Лукашэнка на сённяшні дзень ухіляецца ад наўпроставага ўдзелу ў агрэсіі, таму, як кажуць самі ўкраінскія вайскоўцы, пагрозы ўдару з боку Беларусі няма. «На сёння гэта для Кіева важней, чым увязвацца ў нейкія авантурныя сцэнары», – адзначыў палітычны аналітык.

Ці могуць прыйсці ў Беларусь ваенныя дзеянні?

Але паколькі з беларускіх афіцыйных СМІ бачна, што Беларусь актыўна рыхтуецца да ваенных дзеянняў – рые акопы, набірае апалчэнне, трэніруе тэрытарыяльную абарону, узводзіць «лінію Хрэніна» з супрацьтанкавых перашкодаў, то наколькі верагодным з’яўляецца тое, што ваенныя дзеянні могуць перакінуцца на яе тэрыторыю?

На думку Аляксандра Класкоўскага, усе гэтыя дзеянні носяць хутчэй імітацыйны характар. Бо Лукашэнку і ягонаму атачэнню трэба паказваць Крамлю, што яны гатовыя ў выпадку чаго падтрымаць яго, прыкрыць «рускіх братоў» са спіны. Гэта такая апраўдальная лінія паводзінаў рэжыму Лукашэнкі, каб наўпрост не ўвязвацца ў вайну, але замест гэтага адбываецца мітусня, якая часта выклікае іронію. Бо «пузатых дзядзькаў, якіх выдаюць за народнае апалчэнне, любая дыверсійная група пакладзе адразу, як мяхі з бульбай», а перашкоды для танкаў тэхніка папросту аб’едзе і г.д.

Народнае апалчэнне. 
Фота: sputnik.by

Тым не менш, на думку Аляксандра Класкоўскага, гэта ўсё не паказвае, што «Лукашэнку карціць увязацца ў бой, наадварот, гэта такая дымавая заслона».

Па-другое, лічыць палітычны аглядальнік, Лукашэнка ўжо не самастойная фігура, ён разумее, што калі Пуцін на яго вельмі «націсне», то яму давядзецца ўступаць у вайну наўпрост, і на гэты выпадак ён робіць такія захады. І нарэшце, па-трэцяе, гэта такі экзістэнцыйны страх Лукашэнкі, які пачынае верыць у свае байкі і ва ўсю тую рыторыку, што вакол мяжы лязгаюць гусеніцамі ворагі – адсюль і гэтыя сутаргавыя рухі з жаданнем узброіць усіх – і леснікоў, і пажарнікаў, а «пузатых вясковых дзядзькоў» запісаць у апалчэнне. Калізія хіба ў тым, адзначае Аляксандр Класкоўскі, што даваць зброю ў рукі гэтаму апалчэнню рэжым таксама баіцца, таму гэта будзе толькі імітацыя, а аўтаматы калі будуць даваць, то «нейкія фанерныя».

Украіне патрэбна падзенне рэжыму Лукашэнкі

Вайсковы эксперт, афіцэр Арміі абароны Ізраіля, блогер і рэдактар сайта Focus.ua Ігаль Левін пагадзіўся з меркаваннем польскага генерала Скшыпчака, бо «любыя падзеі, які адбываюцца з краінай-агрэсарам або тымі, хто дапамагае краіне-агрэсару, то бок рэжым Лукашэнкі, натуральна, на руку Украіне».

Калі Расея будзе дапамагаць Беларусі і перакіне свае войскі, няхай сабе не непасрэдна ў саму Беларусь, а хаця б на памежжа паміж Беларуссю і Расеяй, то ёй прыйдзецца аднекуль гэтыя войскі ўзяць. І тыя сістэмы СПА, якія будуць туды перакінутыя, маглі б быць на тэрыторыі Украіны, таму, натуральна, Кіеў пры такім павароце падзеяў застанецца ў выйгрышы.

На думку эксперта, Украіна зацікаўленая ў любых сітуацыях, якія могуць аслабіць расейскую агрэсію ў адносінах да сваёй краіны.

Што да магчымасці ўзнікнення падобнага канфлікту на тэрыторыі Беларусі, то Ігаль Левін адзначыў, што нягледзячы на тое, што рэальнай сацыялогіі мы не ведаем, каб судзіць, колькі людзей падтрымлівае рэжым, ці лаяльнай рэжыму застаецца армія, але відавочна, што большасць насельніцтва Беларусі прагаласавала не за Лукашэнку, што ён – самаабвешчаны дыктатар. Пры гэтым вядома, што беларуская апазіцыя, якая знаходзіцца па-за межамі краіны, вялікая, а беларускія добраахвотнікі, якія змагаюцца за Украіну, не хаваюць сваіх намераў вярнуцца ў Беларусь, каб зрынуць рэжым Лукашэнкі. Таму сцэнары, на думку эксперта, могуць быць якія заўгодна. Так, напрыклад, магчыма, спайка ўзброеных добраахвотнікаў, якія змагаюцца за Украіну, з беларускай палітычнай апазіцыяй.

Украіна можа дапамагчы беларусам

Ігаль Левін не выключыў такога варыянту, пры якім гіпатэтычна Святлана Ціханоўская зможа ўзначаліць палітычны штаб, у які ў тым ліку ўвойдуць узброеныя беларускія фармаванні, і яны афіцыйна папросяць Украіну аб дапамозе. І такая дапамога, на думку эксперта, магла б быць аказаная. Бо Лукашэнка – самаабвешчаны дыктатар, прэзідэнцтва якога Еўропа не прызнае, і калі ўрад Беларусі, прызнаны светам, запытае дапамогі, то, верагодна, зможа яе атрымаць.

Ваяры атраду «Атам».
Фота: полк імя Кастуся Каліноўскага / Telegram

У той жа час эксперт адзначыў, што Украіна не будзе выступаць у якасці агрэсара, бо не мае ніякай зацікаўленасці ў тэрыторыях Беларусі. У Кіева хіба адзіны інтарэс: каб Беларусь ачысцілася ад рэжыму Лукашэнкі, які надае тэрыторыю расейскім войскам для нанясення ўдараў па Украіне.

І менавіта таму Украіна зацікаўлена ў тым, каб гэты рэжым рухнуў, разваліўся, і, напэўна, гатовая ў гэтым дапамагчы. А з улікам таго, што Кіеў падтрымлівае беларускія добраахвотніцкія фармаванні, якія выступаюць пад нацыянальным беларускім сцягам, байцы якіх размаўляюць па-беларуску, то становіцца відавочна, на чыім баку будзе Украіна, калі ў Беларусі ўзнікне той ці іншы канфлікт.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў