У Латвіі – новы прэзідэнт. Два гады таму ён узняў БЧБ-сцяг з Пагоняй у Рызе


У Латвіі 31 траўня парламент пасля трох тураў галасавання абраў прэзідэнта. Ім стаў міністр замежных справаў Эдгарс Рынкевічс.

Эдгарс Рынкевічс.
Фота: Радыё Свабода

За Рынкевічса прагаласавалі 52 дэпутаты, супраць – 35. Каб перамагчы, трэба было набраць 51 голас.

Эдгарсу Рынкевічсу 49 гадоў, ён мае беларускія карані. Працаваў у Міністэрстве абароны і канцылярыі прэзідэнта Латвіі. З 2011 года кіраваў МЗС.

Рынкевічс – паслядоўны прыхільнік дэмакратызацыі Беларусі. У Менску на яго, а таксама на мэра Рыгі Мартыньша Стакіса, заведзеная крымінальная справа – за замену чырвона-зялёнага сцяга на бел-чырвона-белы падчас чэмпіянату свету па хакеі ў Рызе ў 2021 годзе, у якім удзельнічала і беларуская зборная.

Учынак Рынкевічса і Стакіса ўлады Беларусі кваліфікавалі як «наўмысныя дзеянні, накіраваныя на распальванне нацыянальнай варожасці паводле прыкметы нацыянальнай прыналежнасці» (ч. 3 арт. 130 КК).

«Сцяг, што сімвалізуе рэжым, які ажыццяўляе дзяржаўны тэрарызм, недарэчны ў гарадскім асяроддзі Рыгі – таму мы яго знялі!» – так тлумачыў Стакіс той учынак.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў