Каранік: Аэрапорт у Горадні гатовы прымаць рэгулярныя рэйсы з Расеі


Аэрапорт у Горадні гатовы прымаць рэгулярныя рэйсы з Расеі. Аб гэтым паведаміў старшыня Гарадзенскага аблвыканкаму Уладзімір Каранік падчас візіту ў Томскую вобласць у Расеі, перадае тэлеграм-канал «Пул 4 Регион».

Гарадзенскі аэрапорт. Крыніца: aviateka.su

«Пытанне аб аднаўленні рэйсаў з Горадні ў Маскву і іншыя гарады РФ перыядычна разглядаецца, аднак канчатковае рашэнне аб аднаўленні пералётаў – за авіякампаніямі з Расеі», – падкрэсліў Уладзімір Каранік.

Каранік заявіў, што цяпер «мяч на расейскім баку»: калі там выкажуць зацікаўленасць з улікам пасажырапатоку і самаакупнасці, то «мы са свайго боку забяспечым поўную гатоўнасць».

Раней, у 2018 годзе, у гарадзенскім аэрапорце хацелі арганізаваць рэйсы еўрапейскіх лоўкостараў. Тады намеснік міністра Аляксей Ляхновіч распавядаў, што кампанія, якой належыць гарадзенскі аэрапорт, вядзе перамовы з лоўкостамі. «Гарадзенскі аэрапорт мы разглядаем для прыцягнення лоўкост-кампаніяў», – казаў калісьці Ляхновіч.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў