Ва Украіне адбыўся яшчэ адзін суд паводле справы аб вайсковых злачынствах. Двух расейскіх вайскоўцаў, абвінавачваных у абстрэлах дамоў у Харкаўскай вобласці, асудзілі на 11,5 года пазбаўлення волі, паведамляе «Українська правда».
На лаве падсудных апынуліся Аляксандр Бабыкін і Аляксандр Іваноў. Абвінавачванне запытвала для расейскіх вайскоўцаў па 12 гадоў зняволення. Абодва прызналі сваю віну ў судзе і раскаяліся ў здзейсненых злачынствах.
Абодва мужчыны паходзяць з Мурманскай вобласці. 23-гадовы Іваноў быў наводнікам сістэмы залпавага агню «Град», 27-гадовы Бабыкін – кіроўцам машыны.
Першы залп яны зрабілі з тэрыторыі Расеі ўначы з 23 на 24 лютага. Потым яны перайшлі мяжу Украіны і другі стрэл зрабілі ўжо з яе тэрыторыі. Ім паведамілі, што стралялі яны па Харкаву, але пра наступствы стрэлаў вайскоўцам не было нічога вядома. Са словаў вайскоўцаў, у складзе іхнай часткі было 18 «Градаў», кожны з якіх зрабіў па 40 залпаў – то бок больш за 700 стрэлаў.
Ва Украіне калону Бабыкіна і Іванова пачалі абстрэльваць. Бабыкін паведаміў, што некалькі машынаў было разбіта. Іваноў з калегамі паспрабаваў адысці лясамі ў бок трасы ў Расею, але праз содні здаўся ў палон. Бабыкін, які быў паранены, 10 дзён адседжваўся спачатку ў пакоі аховы ў пустым санаторыі, а затым у чужой кватэры, куды залез праз акно. Пасля гэтага ён таксама здаўся ў палон.
Нагадаем, што 23 траўня расейскага вайскоўца Вадзіма Шышымарына, якога абвінавачвалі ў ваенных злачынствах, пакаралі пажыццёвым зняволеннем. Суд пастанавіў, што вайсковец парушыў законы і звычаі вайны і здзейсніў злачынства міжнароднага характару.
Раман Лугоўскі belsat.eu