У Севераданецку расейскі авіяўдар трапіў у цыстэрну з азотнай кіслатой на хімзаводзе


Жыхары Луганскай і Данецкай вобласцяў Украіны – пад пагрозай атручвання.

Наступствы расейскага авіяўдару па хімзаводзе. Севераданецк, Украіна. 31 траўня 2022 года.
Фота: luhanskaVTSA / Telegram

Кіраўнік Луганскай абласной адміністрацыі Сяргей Гайдай паведаміў вечарам 31 траўня аб расейскім авіяўдары, які трапіў у цыстэрну з азотнай кіслатой на хімічным заводзе ў Севераданецку, за які цяпер вядуць баі войскі Расеі і Украіны.

Такі ўдар пагражае жыхарам Луганскай вобласці, а магчыма і жыхарам суседняй Данецкай: азотная кіслата небяспечная пры траплянні на скуру, удыханні і глытанні, можа паражаць дыхальныя шляхі. Пры слабых атручваннях могуць быць прыкметы бранхіту і лёгкага бранхіяліту, запамарока, санлівасць; пры цяжкім атручванні – ацёк лёгкіх. Ад уздзеяння кіслаты можна страціць зрок.

Жыхарам вобласці пакуль раяць не выходзіць з укрыццяў. Абараніцца можна адгазнікамі або абарончымі павязкамі з содавым рошчынам. У выпадку трапляння азотнай кіслаты ў страўнік рэкамендуюць прамыванне страўніка вялікай колькасцю вады. Пры траплянні на скуру – прамыванне вадой з содай і мылам. Пры траплянні ў вочы – прамыванне іх праточнай вадой на працягу 10–30 хвілін.

Паводле адкрытых крыніцаў, расейскія войскі атачылі Севераданецк і суседні Лісічанск з трох бакоў, занялі паўночна-ўсходнюю частку Севераданецку. У горадзе трываюць цяжкія баі.

Пасля 2014 года Севераданецк стаў фактычным цэнтрам Луганскай вобласці, бо Луганск занялі сілы так званай ЛНР. У Севераданецку жылі звыш 102 тысяч чалавек (паводле звестак на 2020 год), а ў суседнім Лісічанску – яшчэ каля 95 тысяч. З Севераданецку не паспелі правесці поўнай эвакуацыі мірных жыхароў. Учора Гайдай заяўляў, што ў горадзе пашкоджана каля 90 % жылога фонду, 60 % – пашкоджана крытычна, а інфраструктура зруйнаваная амаль на 100 %.

«Севераданецкі Азот» – адно з найбуйнейшых прадпрыемстваў хімічнай прамысловасці ва Украіне, якое вырабляе азотныя ўгнаенні, метанол, воцатную кіслату, тавары бытавой хіміі ды іншыя прадукты. Да поўнамаштабнай вайны на заводзе працавалі каля 6 тысяч чалавек.

Hавiны
Эксперт: «Наступныя два тыдні вайны могуць быць вызначальнымі»
2022.05.31 12:11

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў