У Беларусі масава «мініруюць» школы


У рэдакцыю «Белсату» пішуць пра паведамленні аб мініраванні ў Бабруйску, Смаргоні, вёсцы Путрышкі ды іншых паселішчах.

Паводле інфармацыі ад чытачоў, работнікаў школаў сабралі і зачыталі паведамленне, нібыта супольнік Рамана Пратасевіча замініраваў навучальную ўстанову.

Чалавек, які назваўся Паўлам Бачэевым, заяўляе, што замініраваць школы яго прымусіў Пратасевіч і вінаваціць у ахвярах варта толькі Рамана, а не міліцыю ці іншыя органы Беларусі.

Паведамленне пра мініраванне школы. Фота чытачоў «Белсату»

Таксама паведамляецца, што каля некалькіх менскіх школаў сёння раніцай людзі бачылі АМАП.

На 10-ю ранку 31 траўня паведамляецца пра пагрозу ў школах Смаргоні, Горадні і Гарадзенскай вобласці, Бабруйску, Менску, Магілёве, Калінкавічах, Мазыры, Шчучынскім раёне.

У Бабруйску вучняў школаў эвакуявалі.

Паводле афіцыйнага каментара МУС, лісты з паведамленнямі пра небяспеку атрымалі 118 менскіх школ і абласныя ўстановы адукацыі. Усяго ўстаноўлена больш за 270 адрасатаў.

«Усе месцы былі абследаваныя супрацоўнікамі праваахоўных органаў – інфармацыя аказалася хлуслівай. Цяпер праводзяцца аператыўна-пошукавыя мерапрыемствы, накіраваныя на высвятленне датычных да пагрозаў асоб», – гаворыцца ў заяве.

МГМ, belsat.eu

Стужка навінаў