NATO папярэджвае пра новы наступ расейскай арміі ва Украіне


Генеральны сакратар NATO Енс Стольтэнбэрг заявіў, што вывад расейскіх войскаў з-пад Кіева з’яўляецца не адступленнем, а перагрупаваннем. Кіраўніцтва NATO лічыць, што Расея рыхтуе новы наступ ва Украіне.

Енс Стольтэнбэрг.
Фота: NATO

Нягледзячы на заяву Крамля пра канцэнтрацыю сваёй атакі на ўсходзе Украіны і вывад войскаў з Кіеўскай і чарнігаўскай абласцей, генеральны сакратар NATO Енс Стольтэнбэрг заяўляе, што Расея рыхтуе новы наступ ва Украіне.

Генсакратар альянсу са спасылкай на дадзеныя выведкі NATO, заявіў, што расейскія падраздзяленні не выводзяцца, а перамяшчаюцца на новыя пазіцыі. Масква спрабуе перагрупаваць іх, узмацніць і даўзброіць для наступу ў Данбасе.

«Мы чакаем новых наступальных аперацыяў, якія прынясуць яшчэ больш пакутаў жыхарам Украіны», – заявіў Енс Стольтэнбэрг.

У Кіеве таксама не спадзяюцца на тое, што Масква вырашыла спыніць агрэсію. Сакратар Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны Аляксей Данілаў заклікаў не рабіць далёка ідучых высноў з заяў Расеі аб змяншэнні інтэнсіўнасці баявых дзеянняў на кіеўскім і чарнігаўскім напрамках і не лічыць, што вораг канчаткова адступае.

29 сакавіка адразу пасля завяршэння расейска-ўкраінскіх перамоваў у Стамбуле прадстаўнік РФ Уладзімір Мядзінскі заявіў, што расейская армія «кардынальна скароціць» наступленне на чарнігаўскім і кіеўскім напрамках. Украінскі Генштаб пасля пацвердзіў, што расейскія войскі адводзяць асобныя падраздзяленні з тэрыторыі Кіеўскай і Чарнігаўскай абласцей, але абстрэлы ўкраінскіх гарадоў у тым рэгіёне працягваліся.

Hавiны
Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 30 сакавіка
2022.03.30 18:12

ЛН belsat.eu

Стужка навінаў