Ад «хіміі» да 7 гадоў. У якіх справах адзначылася сумнавядомая Аліна Касьянчык


Аліна Касьянчык – адна з славутых рэкардсменак беларускай судовай машыны. Дзяўчыне ўсяго 22 гады, але яна ўжо паспела зарабіць рэпутацыю бязлітаснай дзяржаўнай абвінаваўцы. Сярод іншага, менавіта Аліна была памочніцай пракурора ў справе журналістак «Белсату» Кацярыны Андрэевай і Дар’і Чульцовай. Мы паглядзелі, над якім справамі працавала Аліна Касьянчык, і распыталі пра яе знаёмых.

Дзяржаўная абвінаваўца Аліна Касьянчык у судзе Фрунзенскага раёну Менску, разглядае справу Дзмітрыя Кубарава. 15 сакавіка 2021.
Фота: Белсат

Студэнт, які абразіў Дзмітрыя Балабу, – 1,5 года «хіміі»

Памятаеце студэнта МДЛУ Іллю Тананку, які напісаў на падʼездзе кіраўніка АМАПу «Балаба – забойца»? Хлопца адшукалі, змусілі выбачацца на камеру і ў выніку накіравалі на 1,5 года «хіміі». Абвінаваўцай была Аліна Касьянчык. Хлопцаў учынак яна палічыла дыскрэдытацыяй усёй праваахоўнай сістэмы.

Дзмітрый Балаба.
Фота: скрыншот з эфіру тэлеканалу СТВ

1 год і 1 месяц калоніі для хворай на дыябет

Жыхаркі Менску Анастасія Нікіціна і Святлана Лабунская 13 снежня раскідвалі на вуліцы Якубоўскага самарэзы, якія пашкодзілі аўтамабіль Клінцэвіча. Жанчын затрымалі, Анастасію Нікіціну пакідалі пад вартаю, хоць яна маці непаўналетніх дзяцей, а таксама мае дыябет і чакае аперацыі на вочы. Аліна Касьянчык выступіла дзяржаўнай абвінаваўцай у гэтай справе. Яна выставіла абвінавачанне.

У кожным разе, Нікіціна атрымала 1 год і 1 месяц калоніі, а Лабунская 1,5 года абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу.

«Я памятаю Аліну як спакойную, не асабліва актыўную дзяўчыну. Яна не брала ўдзелу ў творчых мерапрыемствах. Не вылучалася анічым асаблівым, злівалася з рэштаю. Праўда, рэкамендавалі прасіць у яе дапамогі пры напісанні сачыненняў. Да падзеяў гэтага года я зусім пра яе не згадваў. Не цікавіла мяне ейнае жыццё», – кажа адзін з людзей, якія вучыліся з Алінай Касьянчык у Ліцэі БДУ.

4,5 гады калоніі за «закалоты» каля «Рыгі»

Рыгор Давыдаў працаваў ратавальнікам у МНС. Паводле следства, 10 жніўня Рыгор не менш як тры разы кінуў нявызначаныя прадметы ў бок праезнай часткі і спецыяльнага транспарту непадалёк ад гандлёвага цэнтру «Рыга». Аднак усе сведкі ў справе, якія былі на месцы здарэння, не бачылі абвінавачанага. Гэта не перашкодзіла Аліне Касьянчык запатрабаваць 4,5 гады калоніі для Давыдава. Як вынік, суддзя Юлія Блізнюк прызначыла менавіта такое пакаранне.

Hавiны
Былому ратавальніку далі 4,5 года зняволення за «закалоты» каля «Рыгі»
2021.02.25 10:20

4 гады за штурханне вазкоў

Арцём Саўчук 9 гадоў жыў у Польшчы, у Беларусь ён прыехаў на вяселле аднакласніка. Але вярнуцца дадому яму не ўдалося – Арцёма затрымалі 17 жніўня, калі ён узяў на буксір адзін з аўтамабіляў. Супрацоўнікі ДАІ спынілі яго, пацікавіліся, чаму ягоны аўтамабіль з польскімі нумарамі. Урэшце хлопца абвінавацілі ў будаванні барыкадаў у першыя дні пратэстаў. Аліна Касьянчык запатрабавала для яго 4 гады ўзмоцненага рэжыму – суддзя Юлія Блізнюк столькі і прызначыла.

Артыкулы
«Метады НКВД нікуды не сышлі з Беларусі». Бацькі палітвязня Арцёма Саўчука – пра сына і прысуд
2021.03.11 18:56

1 год калоніі за «арганізацыю масавых закалотаў»

Арцём Хвашчэўскі, як і Арцём Саўчук, 9 гадоў жыў у Польшчы. Ён таксама прыехаў разам з ім на вяселле школьнага сябра. І таксама не вярнуўся дадому ўвечары 17 жніўня. Маладога мужчыну абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэксу Беларусі – арганізацыя масавых закалотаў. Нібыта Арцём Хвашчэўскі браў удзел у блакаванні вуліцы Прытыцкага 10 жніўня, заклікаў да актыўных дзеянняў. Амаль у самы апошні момант перад судом артыкул змянілі на 342 – удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак.

Вырак – 1 год калоніі звычайнага рэжыму. Менавіта столькі запатрабавала Аліна Касьянчык.

Гісторыі
«Мама, я вытрымаю. Ты, галоўнае, не плач». Размова з сям’ёю палітвязня Арцёма Хвашчэўскага
2021.03.07 08:00

«Памятаю, што Аліна была не канфліктная, даволі звычайная. Шараговая школьніца 10–11 класаў. Кола знаёмстваў было невялікае. Пра жыццё пагаварыць яна магла хіба толькі з аднакласніцамі. Калі чалавек паступіў у ліцэй, значыць, што чалавек мае пэўныя поспехі ў вучобе. Мне пастаянна ставілі яе ў прыклад як чалавека, што добра піша», – апісвае Аліну адзін з ейных аднакласнікаў.

7 гадоў за «заклікі ў сацсетках»

Справа Дзмітрыя Кубарава – рэкорд сярод прысудаў, вынесеных пры дапамозе Аліны Касьянчык. Дызайнера з Менску абвінавацілі ў закліках да масавых закалотаў, а таксама ў намерах рабіць кактэйлі Молатава. Суддзю і пракурора не засмуцілі заявы Кубарава аб катаваннях падчас затрымання.

Hавiны
Палітвязня Дзмітрыя Кубарава асудзілі на 7 гадоў узмоцненага рэжыму
2021.03.24 17:02

«Прыгадваючы гады вучобы разам з Алінаю, я не памятаю нічога кепскага. Яна мела добрую рэпутацыю, яна нармальны чалавек. Добра даваліся толькі мовы, у рэшце прадметаў была такім сяраднячком, вучылася не лепш за ўсіх у класе. Аліна вельмі любіла баскетбол і стабільна кожныя выходныя хадзіла на трэнаванні. Любіла паспрачацца, асабліва датычна твораў па расейскай і беларускай літаратуры. Заўсёды выказвалася. Любіла даказваць і абгрунтоўваць свой пункт гледжання. Але пра палітыку не выказвалася», – згадвае чалавек, які вучыўся з Алінай у Ліцэі БДУ.

Дзяржаўная абвінаваўца Аліна Касьянчык.
Фота: Белсат

Справа надпісу «Не забудзем, не даруем»

За надпіс каля станцыі метро «Пушкінская» «Не забудзем не даруем», акурат на месцы забойства Аляксандра Тарайкоўскага, былі пакараныя пяць чалавек. Максіму Паўлюшчыку прысудзілі 2 гады калоніі агульнага рэжыму, Марыі Бабовіч – 1,5 года абмежавання волі.

Абвінаваўцай у гэтай справе выступала Аліна Касьянчык. Дзеянні фігурантаў справы кваліфікаваліся паводле двух артыкулаў: ч. 2 арт. 339 КК – «Хуліганства, здзейсненае групай асобаў», і ч. 2 арт. 218 КК – «Наўмыснае знішчэнне альбо пашкоджанне маёмасці, здзейсненыя агульнанебяспечным спосабам альбо якія пацягнулі прычыненне шкоды ў буйным памеры». Але потым Касьянчык адмовілася ад абвінавачання паводле арт. 218. Аднак усё адно пяць чалавек атрымалі рэальныя тэрміны.

Абноўлена
За надпіс «Не забудзем» трох менчукоў асудзілі да «хіміі» ды калоніі строгага рэжыму
2020.12.08 16:27

2 гады за стрым

Журналісткі «Белсату» Дарʼя Чульцова і Кацярына Андрэева – напэўна, зорная справа для Аліны Касьянчык. Нашыя каляжанкі вялі стрым з мітынгу на плошчы Пераменаў, дзе за тры дні да таго быў забіты Раман Бандарэнка. Дзяўчыны былі арыштаваныя адразу ў тую нядзелю, і іх абвінавацілі ў арганізацыі масавых закалотаў – нібыта яны кіравалі акцыяй праз жывы рэпартаж.

Hавiны
Апошнія словы ў судзе Кацярыны Андрэевай і Дар’і Чульцовай
2021.02.17 14:21

Дзяўчыны ў выніку атрымалі 2 гады калоніі кожная. Яны проста выконвалі ўласную працу, ніяк не парушалі закону.

«Нешта адбылося ў ейным жыцці, мне здаецца. Можа быць, яна знайшла ў гэткай карʼеры лёгкі шлях, можа быць… Але не магу ўявіць, што ёй маглі прапанаваць, калі яна з такою ўпартасцю ідзе сваёй дарогаю. І выглядае на тое, што аніхто яе не шантажуе», – кажа дзяўчына, якая вучылася з Алінай Касьянчык на паралелі.

Ксенія Тарасевіч, belsat.eu

Стужка навінаў